Былы выканаўца абавязкаў прэм’ер-міністра Расеі (пачатак 1990-х) Ягор Гайдар шпіталізаваны з прыкметамі атручэньня. France Press са спасылкай на Financial Times паведамляе, што Гайдару стала кепска яшчэ на мінулым тыдні, калі ён знаходзіўся ў Ірляндыі. Журналісту Гайдар паведаміў, што праблемы са здароўем зьявіліся 24 лістапада.

У інтэрвію газэце "Коммерсант" дачка палітыка Марыя Гайдар пацьвердзіла, што ейнаму бацьку стала дрэнна падчас выступу на канфэрэнцыі. "Ён адышоў да сьцяны – і зьнепрытомнеў», – сказала Марыя Гайдар. Ягора Гайдара адвезьлі ў больніцу, і сьвядомасьць вярнулася толькі цераз тры гадзіны.

Financial Times піша, што Гайдара ванітавала, таксама было кровацячэньне. Існавала рэальная пагроза жыцьцю.

Гайдар кажа, што яму стала кепска пасьля зьедзенага ў дублінскім гатэлі сьняданку. У Дубліне былы расейскі прэм’ер прэзэнтаваў сваю новую кнігу "Сьмерць імпэрыі: урокі для сучаснай Расеі».

Паводле Гайдара, дактарам так і няясна, што зь ім здарылася, але сам ён сьцьвярджае, што чуецца так, быццам нарадзіўся наноў.

Financial Times піша, што кіраўнік РАА "ЕЭС России" і найбліжэйшы паплечнік Гайдара Анатоль Чубайс выказаў думку, што былога в.а прэм’ер-міністра спрабавалі атруціць. Але ён ня стаў вінаваціць у гэтым Крэмль альбо расейскія спэцслужбы.

Сам Гайдар пакуль ніякіх высноў і заяваў не рабіў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?