Краіне лёсам наканавана змагацца за замежныя рынкі і даваць у табло ўсім, хто лезе на наш. Гераічныя прыклады мінулага маглі б уздымаць кураж у рэкрутаў новых гандлёвых войнаў, ня кажучы ўжо пра патрыятычна‑выхаваўчую функцыю.

Чаму, напрыклад, мы гэтак няздарна прафукваем памяць аб пераможнай газавай вайне студзеня 2004‑га, калі краіна, аб’яднаўшыся вакол любімага Рыгоравіча, адбіла націск «Газпрому»?

Уявіце, што сёньня, падчас перамоваў зь Сямашкам, Мілер пабачыў бы на грудзях у беларуса ордэн «За абарону Белтрансгазу» другой ступені.

Газпромаўскі барон трохі афанарэў бы, разумеючы, што перад ім не салага, а бывалы ваяка, які зьнюхаў не адну дарожку пораху... ой, прабачце, — газу.

Натуральна, трэба замуціць рэспубліканскі Саюз вэтэранаў газавых войнаў («газаванцы»). Наладзіць рэгулярныя тусачы з моладзьдзю, якая з захапленьнем слухацьме іхныя прагоны, як дзяды тых «газаванцаў» з крыкам «За бацьку» мужна пераключаліся з НТВ на адстойны БТ, каб толькі ня чуць варожых галасоў. Не забыцца шчэ пра конкурс песьняў вэтэранаў Першай газавай вайны. І, натуральна, — Дзень «газаванца». Газаванцы, як былыя памежнікі або жаўнеры ПДВ, маглі б зьбірацца на Чэлюскінцах купацца ў фантанах, жлукціць гарэлку, барукацца з АМАПам, адным словам — кансалідаваць сваё брацтва.

Цяпер пра музы. Цэху чаргінцоўскіх пісьменьнікаў неадкладна засесьці за сэрыю патрыятычна‑газавых твораў — «Яны змагаліся за Белтрансгаз», «Бітва за вэнтыль», «Трубнае брацтва», «Успаміны газавага выведніка»...

На «Беларусьфільме» можа злабаць нейкі фільмец. Натуральна, атрымаецца, як заўсёды, лажа, аднак за кошт прымусовых разнарадак для ўсіх школьнікаў можна будзе нешта часткова кампэнсаваць. Агульна кажучы, тэма працы зь дзецьмі вельмі важная. Можна прымусіць усіх выхавацелек дзіцячых садкоў пісаць лісты на газавы фронт кшталту «Дарагі дзядзя Сямашка, мы ўсёй групай зрабілі для цябе рагатку. Далбані зь яе Грэфу ў лоб».

Калі б мы запусьцілі гэткія мулькі два гады таму, сёньня ў грамадзтве была б абсалютна іншая, здаравейшая атмасфэра. Ня плёткі пра тое, што зайчыку — інфляцыйны гамон, панавалі б у вагонах прыгарадных электрычак. Наадварот, пачуўшы аб новых закідонах «Газпрому», бацька сямейства падкручваў бы сівы вус: «Вой, не пайшоў маскалю ўрок у 2004‑ым». Тынэйджэры, слухачы старых, кідалі б Counter‑strike і FIFA’2007, запісваліся б у атрады, якія зьбіраюць габлюшку і капаюць торф. Жонкі і нявесткі замянялі б мужчын на аўтарынку ў Малінаўцы.

І галоўнае, сп.Праляскоўскі, не сядзець на ляўрах! Я фанарэю ад адной думкі пра тое, які пантэон славы мы можам забацаць героям апошняй вайны за расейскі кандытарскі рынак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?