Аб’ёмы паставак беларускага цукру ў Расею скароцяцца: у гэтым годзе Беларусь паставіць усходняй суседцы 180 тыс.т, а ў 2008 г. – 100 тыс.т Такім стаў вынік перамоваў паміж віцэ‑прэм’ерам Беларусі Іванам Бамбізам і міністрам сельскай гаспадаркі Расеі Аляксеем Гардзеевым. Адпаведная дамова будзе падпісаная ў бліжэйшы час.

Іван Бамбіза патлумачыў, што такія абмежавальныя ўмовы беларускі бок прымае добраахвотна. Расейскі міністар паабяцаў, што гэтае пагадненьне здымае ўсе абмежаваньні для беларускага цукру на расейскай мытні. На яго думку, вызначаны аб’ём паставак выключае неабходнасьць праверак на паходжаньне цукру.

Афіцыйна абвешчана, што бакі прыйшлі да ўзаемавыгаднага рашэньня. Аднак лічбы самі гавораць за сябе: у 2006 г. у Расею плянавалася паставіць 370 тыс.т. цукру, на 2007 г. Беларуская цукровая кампанія заключыла дамовы з расейскімі кампаніямі на пастаўку 350 тыс.т. цукру. Такім чынам аб’ём паставак праз год скароціцца амаль у 4 разы.

На сёньня запасы цукру на складах беларускіх цукраварняў набліжаюцца да 400 тыс. т. Паўстае задача пошуку новых рынкаў збыту.

***

2007-01-17 14:12:24

У іх бяруць удзел віцэ‑прэм'ер ураду Беларусі Іван Бамбіза і міністар сельскай гаспадаркі Расеі Аляксей Гардзееў. Мяркуецца абмеркаваць праблему паставак айчыннага цукру ў Расею ды іншыя пытаньні двухбаковага супрацоўніцтва. Нагадаем, што ад 29 сьнежня мінулага году расейская мытня цалкам прыпыніла афармленьне беларускага цукру.

Беларускія вытворцы цукру з надзеяй чакаюць пазытыўнага вырашэньня праблемы. Інакш іх чакаюць прастоі і непазьбежныя матэрыяльныя страты. Слуцкі рафінадны камбінат, напрыклад, на ўнутраным рынку рэалізуе каля паловы сваёй прадукцыі. Пры найгоршым варыянце ўжо 10 лютага ён можа прыпыніць працу.

Агульнай для ўсіх беларускіх цукровых камбінатаў ёсьць праблема сыравіны. Незвычайна цёплая зіма прывяла да таго, што цукровікі масава псуюцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?