Рыхтуецца працяг артыкула пра «крамлёўскага пераемніка Лукашэнкі»
Інтэрнэт‑выданне «Беларускія навіны» адшукала ў Маскве аўтара скандальнага матэрыялу пра загадкавага «Сяргея Каракіна», якога нібыта Крэмль рыхтуе ў крэсла прэзідэнта Беларусі.
Аглядальнік газеты «Версия» Руслан Гаравы сцвярджае, што інфармацыю атрымліваў з самога Крамля.
Прыналежнасць спецслужбаў да публікацыі ён назваў смешнай версіяй і дадаў: «Мне цікавы гэты чалавек».
Цяпер рыхтуецца новы артыкул, у якім будзе падрабязна распавядацца пра «Сяргея Каракіна». Нагадаем, што беларускім палітыкам і журналістам не ўдалося знайсці чалавека з такім прозвішчам.
Дарэчы, журналіст Руслан Гаравы меў дачыненне да выбарчага штабу Уладзіміра Ганчарыка ў 2001 годзе.
Як паведамляюць «Беларускія навіны», ён аказваў пэўныя паслугі «адзінаму кандыдату» ў Маскве.