Пасольства Венесуэлы адкрылася ў Мінску (вул. Чырвонаармейская, 22). Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў Часовы Павераны ў справах Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў Беларусі Амерыка Дыяс Нуньес.
Дыпламат перакананы, што 2007 год будзе ключавым у развіцці беларуска‑венесуэльскага супрацоўніцтва. Цяпер рэалізуюцца дамоўленасці, дасягнутыя ў час афіцыйнага візіту ў Беларусь у ліпені 2006 года прэзідэнта Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла Уга Чавеса. Бакі дамовіліся аб стварэнні стратэгічнага альянсу дзвюх краін, сумеснай рэалізацыі праектаў у гандлёва‑эканамічнай галіне.
За апошнія паўгода больш як 56,4 тыс.т беларускіх калійных угнаенняў на суму $11,2 млн. было пастаўлена ў Венесуэлу. У прыватнасці, у верасні мінулага года адпраўлена 25 тыс.т гэтай прадукцыі і ў студзені гэтага года — 31,4 тыс.т.
Амерыка Дыяс Нуньес перакананы, што ёсць вялікія перспектывы і рэальныя ўмовы для пашырэння эканамічнага, культурнага і палітычнага ўзаемадзеяння. Венесуэльскі ўрад лічыць супрацоўніцтва з Беларуссю ў многіх галінах стратэгічным.
Часовы Павераны падкрэсліў важнасць таго факта, што Беларусь і Венесуэла маюць падобныя погляды адносна неабходнасці пабудовы шматпалярнага свету.