У Беларусі напярэдадні Дня Волі, які традыцыйна сьвяткуецца апазыцыяй, зноўку назіраецца масавы перасьлед грамадзка актыўных людзей. Але прысуды не выносяцца адразу, іх адкладваюць на пазьней, каб гэтыя асобы не маглі браць удзелу ў сьвяткаваньнях Дня Волі. Ці вам гэта штосьці прыгадвае?

Лех Валэнса:

Так, гэта прыгадвае польскую барацьбу, і ня толькі польскую. Праз гэта трэба прайсьці. Народ мусіць дасьпець, грамадзяне мусяць прабудзіцца. Калі большасьць скажа: даволі, то тады знойдзецца й выйсьце. Пакуль што гэта заслабая сіла. У Беларусі яшчэ шмат людзей абыякавых, многія баяцца. І вось атрымліваецца, што народ пагаджаецца на такую ўладу.

Вы маеце багаты досьвед у кіраваньні польскай апазыцыяй з часоў камунізму. Што б вы параілі сёньня зрабіць беларускай апазыцыі, каб дасягнуць асноўнае мэты – вярнуць Беларусь на шлях дэмакратыі?

Лех Валэнса: Паводле мяне, пакуль ня трэба пачынаць бітвы, бо беларуская апазыцыя заслабая. Пакуль трэба працаваць над грамадзкай сьведамасьцю, даказваць сваю рацыю, паказваць хібы сёньняшняй улады. Трэба спачатку абудзіць народ, а пазьней умела гэта выкарыстаць. У адпаведны момант.

Якое значэньне, паводле вас, мае адзінства апазыцыі, бо цяпер беларускія дэмакратычныя сілы маюць праблему з вылучэньнем лідэра, які б прадстаўляў увесь дэмакратычны рух. Вядуцца дыскусіі над тым, як гэтага лідэра выбіраць?

Лех Валэнса: У такіх умовах лідэр нараджаецца ў бітве, а ня ў выбарах. Выбары павінны праходзіць пазьней, калі ўжо ёсьць такая магчымасьць. Можна спрабаваць адразу іх выбіраць. У нас, у Польшчы, лідэры былі няпісаныя, якіх прызнаваў агул. А кожны выбар азначае, што ёсьць хтосьці, хто прайграў, хтосьці незадаволены.

Ці ў такім выпадку можна лічыць памылковым сам падыход, што лідэра можна выбраць шляхам галасаваньня альбо прыняцьця рашэньня нейкім калегіяльным ворганам?

Лех Валэнса: Можна й так, але ў крыху іншых умовах. Калі ўжо ёсьць дэмакратыя, свабода, то, безумоўна, тады ўжо толькі такім шляхам. Але калі дэмакраты ў апазыцыі, калі яны вядуць барацьбу, а іх саджаюць у вязьніцы, а ў краіне пануе бяспраўе, то ў такім выпадку лідэр вырастае ў выніку дзейнасьці, а ня шляхам выбару.

У Беларусі набліжаецца Дзень Волі, 25 сакавіка, калі адзначаецца гадавіна заснаваньня першай незалежнай беларускай дзяржавы. Як у гэтае сьвята павінны выглядаць дзеяньні апазыцыі? Ці яна павінна паводзіць сябе спакойна, ці аднак з поўнай моцай прадэманстраваць уладзе, што існуе й дзейнічае?

Лех Валэнса: Безумоўна, увесь час мусіць паказваць, што яна ёсьць і працуе, але толькі ў тых абшарах, якія вядуць да перамогі. Калі яны пойдуць у бой з кулакамі на танкі, то толькі страцяць здароўе, а нічога не даб’юцца. Яны мусяць паказваць слушнасьць сваіх аргумэнтаў і праграмаў. І такім чынам здабываць перавагу.

Як у сёньняшняй сытуацыі павінны сябе паводзіць Эўропа й Эўразьвяз, у прыватнасьці, ці падтрымліваць апазыцыю, ці ізаляваць Беларусь?

Лех Валэнса: Праблема заключаецца ў тым, што няма Эўропы безь Беларусі. Гэта адзіны кантынэнт. Вельмі добра, калі ў паасобных краінах на ім пануе падобны палітычны лад й падобны спосаб мысьленьня. Тады добра складваецца любое супрацоўніцтва. Сёньня Эўропа занятая сабою – да Эўразьвязу далучыліся новыя чальцы, ня ўсё там было дапрацавана. У выніку Эўропа замала займаецца такімі дзяржавамі, як Украіна й Беларусь, а таму ім цяжэй змагацца.

Скажыце, зь якімі словамі вы б хацелі зьвярнуцца сёньня, напярэдадні важнай даты для беларускіх патрыётаў, Дня Волі, да ўсіх змагароў і лідэраў беларускай апазыцыі?

Лех Валэнса: У вас няма выбару. Вы мусіце скіраваць сваю краіну на шлях, па якім пайшоў сьвет і Эўропа. Гэта станецца, а калі вы хочаце, каб гэта наступіла раней, то трэба працаваць больш і разумней. І тады перамога гарантаваная. І вось гэтага я вам жадаю.

Польскае радыё для замежжа

Фота Wprost

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0