Намечанае на сёння падпісанне міжурадавага пагаднення паміж Беларуссю і Расіяй па развіццю гандлёва‑эканамічнага супрацоўніцтва адкладзена. Аб гэтым паведаміў журналістам намеснік міністра эканамічнага развіцця і гандлю Расіі Віталь Савельеў.
Паводле яго слоў, беларускі бок да ўжо парафіраванага праекта пагаднення ўнёс шэраг прапаноў, якія, адзначыў ён, істотна змяняюць дакумент. У прыватнасці, паведаміў Віталь Савельеў, беларусі бок прапанаваў адмяніць мытнае афармленне па некаторых групах тавараў. Намеснік міністра падкрэсліў, што гэта прапанова патрабуе ўзгаднення з Федэральнай мытнай службай Расіі.
Акрамя таго, сказаў Віталь Савельеў, ва ўжо парафіраваным пагадненні ў шэрагу яго пунктаў названы тэрміны выканання , якія з‑за зацягнутага працэсу падпісання дакумента не могуць быць выкананы, што таксама патрабуе ўнясення змяненняў.
Намеснік міністра эканамічнага развіцця і гандлю Расіі падкрэсліў, што прапановы беларускага боку патрабуюць паглыбленай прапрацоўкі на экспертным узроўні. «Эксперты пачалі працаваць практычна з сённяшняга дня», — дадаў ён.