Дакладная прыкмета спакойнае хады падзеяў 25-га — перад Днём Волі міліцыя і КДБ робіць захады па запалохваньні патэнцыйных удзельнікаў вясновых акцый апазыцыі. Асабліва шчыруюць у рэгіёнах – сёньня на Берасьцейшчыне выклікалі на гутаркі некалькі дзясяткаў чалавек.

Сёньня ў шэрагу гарадоў Берасьцейскай вобласьці на гутаркі ў міліцыю і КДБ выклікалі сябраў апазыцыйных партыяў і рухаў. Паводле словаў кіраўніка рэгіянальнай арганізацыі Партыі БНФ Юрася Губарэвіча, на гутаркі ў Берасьці, Баранавічах, Бярозе, Белаазёрску, Пінску ды іншых гарадах выклікалі блізу паўсотні чалавек. Сам сп. Губарэвіч таксама пагутарыў з начальнікам Бярозаўскага РУУС Валер’ем Угляніцай. Ю. Губарэвіч кажа, што міліцыянты цікавяцца намерамі людзей наконт удзелу ў акцыях апазыцыі. Яго папярэдзілі аб адказнасьці за прарушэньне заканадаўства аб правядзеньні масавых мерапрыемстаў.

На Заходнім Палесьсі ня грэбуюць і прэвэнтыўнымі затрыманьнямі рэгіянальных лідэраў. Так, у Пінску ўчора быў затрыманы старшыня гарадзкой суполкі партыі БНФ Аляксандар Рамановіч. Яшчэ раней участковы міліцыянт спрабаваў уручыць яму позву ў РУУС для гутаркі, але той адмовіўся. Сёньня над А. Рамановічам мусіў адбыцца суд. Сябры Рамановіча не выключаюць, што яго могуць ізаляваць да 25 сакавіка. Іншыя пінскія актывісты таксама знаходзяцца пад пагрозай арышту: у іхныя кватэры спрабуюць уварвацца міліцыянты, а ля дамоў дзяжураць аўто.

Працягваюцца затрыманьні ў Горадні. Сёньня кіраўніка гарадзкой арганізацыі ПБНФ Вадзіма Саранчукова арыштавалі на пяць сутак, традыцыйна зьвінаваціўшы яго ў нецэнзурнай лаянцы. Пільную ўвагу спэцслужбаў адчуваюць на сабе і ягоныя калегі. Варта нагадаць, што напярэдадні ў Горадні былі арыштаваныя журналіст Ігар Банцар на дзесяць сутак і лідэр гарадзенскіх маладафронтаўцаў Андрусь Фамін на сем.

У Менску міліцыянты затрымалі актывіста незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт» Барыса Гарэцкага побач з уласнай кватэрай. Азнаёміўшыся са зьмесьцівам ягонага заплечніка, міліцыянты адвезьлі хлопца ў РУУС Першамайскага раёну. Брат затрыманага Кастусь здолеў даведацца пра месцазнаходжаньне Барыса толькі праз гадзіну пасьля затрыманьня. Заўтра адбудзецца суд. Абвінавачваньне стандартнае: лаяўся матам. Сёньняшнюю ноч Барыс Гарэцкі правядзе на Акрэсьціна.

Таксама стала вядома пра ператрус, што адбываецца цяпер у актывісткі незарэгістраванага «Маладога фронту» Касі Галіцкай.

Ілсютрацыя з newsru

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?