У судзе Ленінскага раёну Менску скончыліся слуханьні па справе былой заснавальніцы першай у Менску крамы Hugo Boss Ірыны Лазоўскай і яе брата Аляксандра. Прысуд будзе вынесены 30 саквіка

Дзяржабвінаваўца пагадзіўся з абвінавачваньнем і папрасіў суд прысудзіць Лазоўскай 8 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. Для брата прадпрымальніцы папрасілі удвая меншы тэрмін.

Нагадаем, што Ірыну Лазоўскую, уладальніцу менскай крамы «Каміла» ды былую супрацоўніцу газэты «Навіны БНФ», радыё «Свабода» затрымалі 18 кастрычніка 2005 г. па падазрэньні ў эканамічным махлярстве. Была заведзеная крымінальная справа. З моманту затрыманьня І.Лазоўская паўтара году ўтрымліваецца ў СІЗА на вул.Валадарскага. Сваёй віны яна не прызнала. Разам з Ірынай па справе ў якасьці абвінавачанага праходзіць яе брат Аляксандар. Ім закідаюць прысабечваньне маёмасьці, падробку, выраб, выкарыстаньне альбо збыт падробленых дакумэнтаў, штампаў, пячатак, блянкаў. Дзеяньні падазраваных кваліфікуюцца як махлярства, зьдзейсьненае ў асабліва буйных памерах. Акрамя таго, Лазоўскіх вінавацяць ва ўтойваньні падаткаў.

Паводле вэрсіі сьледзтва, менскія крамы Hugo Boss і Escada былі пабудаваныя супольна канадзкай, амэрыканскай і фінскай кампаніямі. Канадзкую кампанію праваахоўныя органы палічылі афшорнай, створанай на падстаўных асобаў. Фактычнымі ж уласьнікамі лічаць Лазоўскіх. Дырэктар фінскай кампаніі зьвярнуўся ў праваахоўныя органы з прэтэнзіяй да беларускіх партнэраў, зьвінаваціўшы тых у прысабечваньні супольнай маёмасьці.

Выклікае цікавасьць той факт, што адным з галоўных сьведкаў выступае яе былы муж Алесь Суша, зь якім Ірына разышлася чатыры гады таму і падзяліла бізнэс.

Варта адзначыць, што ў жніўні па справе Лазоўскай была распачатая судовая экспэртыза, якая цягнулася больш чым паўгады.

У апошнім слове Ірына Лазоўская папрасіла вызваліць яе з турмы, яшчэ раз падкрэсьліўшы, што не прызнае сябе вінаватай. Ірына адзначыла, што абвінавачваньне грунтуецца выключна на паказаньнях яе былога мужа Алеся Сушы. На думку прадпрымальніцы, Суша дае паказаньні пад ціскам сьледзтва, а таксама кіруецца сваімі старымі крыўдамі на яе. Паколькі раней Лазоўская ў роўнай ступені з Сушам валодала адной з кампаніяў, што фігуруе ў справе, то адказнасьць яны павінны несьці аднолькавую, лічыць жанчына. Адвакат прадпрымальніцы Ігар Суслаў кажа, што трымаецца яна няблага: «Ірына – мужны чалавек, яна па характары баец».

Прысуд па справе Ірыны і Аляксандра Лазоўскіх будзе вынесены 30 сакавіка ў судзе Ленінскага раёну Менску.

Сямён Печанко, паводле «БелГазета»

Глядзі яшчэ:
Ірына Лазоўская год чакае суду ў СІЗА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0