26 сакавіка Валера Шчукіна чарговы раз выклікалі на допыт у Першамайскі РУУС г.Віцебску. Яму высунулі абвінавачаньне паводле арт.189 ч.2 Крымінальнага кодэксу («Зьнявага»). У зьвязку з гэтым сьледчы Гердаў вынес пастанову пра ўжываньне да Шчукіна падпіскі пра нявыезд.

Аднак Шчукін такой падпіскі ня даў. Сп.Валер заявіў сьледчаму, што для яго як для палітыка і журналіста лепей сядзець у СІЗА, чым быць пад падпіскай пра нявыезд.

Праваабаронцу вінавацяць у зьнявазе чальцоў выбарчых камісіяў. Напярэдадні выбараў у мясцовыя саветы Валер Шчукін вырабіў і распаўсюдзіў улёткі, дзе рэзка і бесстаронна скрытыкаваў настаўнікаў — чальцоў выбарчай камісіі.

«Паводле арт.189 КК справа распачынаецца зьняважанай асобай толькі праз пакладаньне заявы ў суд, — зазначыў Валер Шчукін. — Такіх заяваў няма, а справа распачатая пракурорамі Першамайскага і Чыгуначнага раёнаў Віцебску. Як яны мяркуюць, мая крытычная ўлётка чыніць шкоду дзяржаўнаму ладу і грамадзкаму парадку».

Увогуле, што для «бамжа» Шчукіна значыць падпіска пра нявыезд, застаецца незразумелым. Ці яму забараняецца пакідаць чыгуначны вакзал г.Віцебску, дзе ён начуе, ці межы Віцебскай вобласьці ці ўсёй Беларусі. Улады пазбавілі Валера Шчукіна прапіскі чатыры гады таму.

Прэс-служба АГП

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0