«Слова «БЕЛАРУСЬ», вымаўленае дыктарам БТ і вымаўленае дэманстрантамі 25 Сакавіка, хоць і гучыць аднолькава, то ўсё ж мае розныя значэньні». Пётра Рудкоўскі адказвае на камэнтары да ягонага артыкулу «Хто забіў беларускае адраджэньне».

Адказ Яўгену:

ЦЫТАТА:

«Мне здаецца, што любыя параўнаньні Беларусі зь Літвою ды тым больш з Польшчаю неправамоцныя. Там не стаяла пытаньня пра зьнішчэньне нацыянальнай самабытнасьці. А ў Беларусі — стаіць — і як даўно не стаяла — востра. Тамака была глеба для перамовы, бо былі агульныя непарушныя асновы. супраць якіх ніхто не выступаў. А тутака — паміж бакамі непераадольная прорва, мяжа якой ляжыць па беларушчыне. Што, у Літве ці Польшчы мела месца опцыя вяртаньня да статусу губерніяў суседняй дзяржавы? Ці апазіцыя з камуністымі размаўляла на розных мовах? І г.д.»

‑ Так, апазыцыя і камуністы ў Літве і Польшчы размаўлялі на РОЗНЫХ мовах. Дакладна так, як слова «БЕЛАРУСЬ», вымаўленае дыктарам БТ і вымаўленае дэманстрантамі 25 Сакавіка, хоць і гучыць аднолькава, то ўсё ж мае розныя значэньні. Аднолькавасьць лексычна‑сэмантычных структураў не гарантуе таго, што можна назваць «адзінствам мовы». У Польшчы, ані тым больш у Літве НЕ БЫЛО адзінства мовы.

Не, опцыя вярнаньня да статусу губэрні ў Плольшчы ня мела месца, а мела месца нешта большае і нешта значна горшае – чарговыя дзесяцігодзьдзі ўнутранай няволі, рэпрэсіяў і прыніжэньня чалавечай годнасьці. У Літве сярод намэнклятурнікаў, якія сымпатызавалі Саюдзісу, незалежніцкая опцыя была намнога больш слабейшая і кволая, чым сярод сёньняшніх лукашэнкаўцаў.

Так, прорва ёсьць. Мы можам яе павялічыць і зваліцца ў яе. І тады ўжо будзе позна гаварыць пра якую‑кольвечы беларушчыну.

* * *

Адказ ФГ:

ЦЫТАТА

«Яўген, згодна з Вамі поўнасцю. Улада у Польшчы не была антынацыянальнай. як у нас».

‑ Пытаньне ня ў тым, якой была ўлада, а ў тым, як паўплываць на яе, каб гэта прывяло да яе трансфармацыі, карыснай для нацыянальных і дэмакратычных каштоўнасьцяў. Ёсьць дзьве стратэгіі трансфармацыі: 1) паводле этыкі перакананьняў 2) паводле этыкі адказнасьці. Мая прапанова сфармулявана. Вы фармулюйце сваю прапанову. Разважым тады, чыя больш пэрспэктыўная.

А так, у дужках: Ці вы ўсур’ёз лічыце, што ўлада, якая рэпрэсуе ўласны народ, піша пад сябе гісторыю і замацоўвае сымбалі, чужыя гэтаму народу, як гэта было ў Польшчы, можа лічыцца «нацыянальнай»? Нейкае падазрона дзіўнае ў вас разуменьне нацыянальнай дзяржавы.

* * *

Адказ Хто сказаў?

ЦЫТАТА

«Дзеля дасягненьня мэты усе сродкі вартыя?.

Або мэта апраўдвае сродкі?

сп.Рудкоўскі, а што беларускае адраджэньне ўжо забітае? І хто ж забойца? Назавіце імя, адрас...»

‑ Вы, відаць, не адрозьніваеце назвы артыкула ад тэзы артыкула. «Хто забіў...» – гэта назва, свайго роду «этыкетка», якая зазвычай ствараецца рэдакцыяй. Наколькі тыя рэдактарскія этыкеткі апраўданыя, гэта ўжо іншая справа. Выбар менавіта такой назвы прадыктавана, відаць, імкненьнем падкрэсьліць алюзію да правакацыйнай «Сьмерці бел адраджэньня» ў выданьні Адамянца. А мая назва: «Ці магчымая этыка ў палітыцы або Чым розьніцца Мілінкевіч ад Лукашэнкі?»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?