Новы дыск ад майстроў гітарнага інструмэнталу, на якіх ужо прызабыліся. Прэтэнзіі ў гэтых музыкаў немалыя, у адрозьненьне ад іншых беларускіх гітарыстаў‑віртуозаў. Сьпіцын і Чэрмэн першыя ў Беларусі паспрабавалі вывесьці свой кірунак са сфэры нікому не патрэбных экспэрымэнтаў у камэрцыйнае рэчышча.

Сёй‑той посьпех яны здабылі, пайграўшы на разагрэве замежных рок‑зорак на іх менскіх выступах, зьняўшы відэа ды выдаўшы во гэты дыск. За часоў іхнае маладосьці мэталісты знаходзіліся ня ў надта добрых стасунках з нэарамантыкамі. Магчыма, гэта падштурхнула Сьпіцына з Чэрмэнам злучыць у адно гэтыя два пачаткі.

У «Драйве» ня надта мудрагелістая гітарная музыка замяшаная з электроннымі інструмэнтамі — у выніку ствараецца атмасфэра прысутнасьці ў нейкай віртуальнай прасторы. Відавочна, што тут даўся ў знакі ня толькі Стыў Вэй, але і Жан‑Мішэль Жар. Музыкі не намагаюцца апярэдзіць час — яны проста паказваюць, як яны думаюць і што яны ўмеюць. Можа, ад таго, слухаючы іхныя творы, складваецца ўражаньне, што недзе гэта ты ўжо чуў.

Асабліва тое адчувальна ў байкерскіх рытмах «Speed retrace» і балядзе «Cra». У альбоме ёсьць песьні, зробленыя з аглядкай на «Emerson, Like&Palmer», але ёсьць і абсалютна правальныя нумары, як твор «Air». Альбом Сьпіцына і Чэрмэна цалкам прыдасца для рэляксацыі, будзе незамяняльным для тэле‑ і радыёрэжысэраў, а таксама можа пасаваць як саўндтрэк да кампутарных гульняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?