У красавіку Эўрапейская Камісія аб’явіла імёны чатырох пераможцаў прэміі, накіраванай на разьвіцьцё інавацыйнай і вынаходніцкай дзейнасьці ў ЭЗ.

У намінацыі «Прамысловасьць» перамаглі Франц Лермэр і Андрэа Урбан (супрацоўнікі кампаніі Robert Bosch , Штутгарт), вынаходкі якіх ажыцьцявілі рэвалюцыю ў сэнсорных тэхналёгіях, у прыватнасьці, дазволілі стварыць паветраныя падушкі бясьпекі ў сучасных аўтамабілях.

У намінацыі «Малыя і сярэднія прадпрыемствы» пераможцам была аб’яўлена дасьледчыцкая каманда Каці Бастыёлі (Італія) за стварэньне новага тыпу плястыку (на аснове крухмалу), што раскладаецца пад узьдзеяньнем мікраарганізмаў. Гэтая тэхналёгія, лічыць Эўрапейская Камісія, дазволіць зьменьшыць забруджаньне навакольнага асяродзьдзя.

У намінацыі «Неэўрапейскія краіны» перамагла каманда Джозэфа Вакі (ЗША), якая вынайшла Крыксіван — прэпарат, што зрабіў рэвалюцыю ў сусьветнай практыцы лячэньня віруса імунадэфіцыту чалавека (ВІЧ), што выклікае СНІД.

У намінацыі «Справа жыцьця» быў узнагароджаны Марк Фэльдман (Вялікабрытанія) за распрацоўку новых мэтодыкаў лячэньня аўтаімунных расстройстваў, у прыватнасьці рэўматоіднага артрыту.

Эўрапейская прэмія «Вынаходнік году» была заснаваная ў 2006 годзе. Адбор прэтэндэнтаў ажыцьцяўляецца на падставе патэнтаў, зарэгістраваных Эўрапейскай патэнтнай службай.

Больш падрабязна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0