Сёлетні конкурс пяцьдзесят першы і праходзіць у сталіцы Фінляндыі, Хэльсынках. Беларускі выканаўца Дзьмітры Калдун выйшаў у фінал і будзе выступаць там у суботу пад трэцім нумарам.

21-гадовы Калдун выканаў песню «Work Your Magic» на вершы Карэна Кавалерана і музыку Філіпа Кіркорава.

Калдун выступаў чацьвёртым, пасьля артыстаў з Баўгарыі, што выступалі з элемэнтамі фольку, супярэчлівай групы з Ізраілю, якая выканала песьню "Націсьні на гузік", у якой Іран убачыў заклік да бамбёжкі фундамэнталістаў атамнымі бомбамі, і Кіпру. Усяго ў паўфінале спаборнічалі 28 выканаўцаў. У фінал прайшлі прадстаўнікі 14 краінаў.

Упершыню ў конкурсе ўдзельнічаюць Чэхія, Грузія, а таксама Сэрбія і Чарнагорыя паасобку. Раней гэтыя краіны жылі ў саюзе.

Дзьмітры Калдун стаў пераможцам Нацыянальнага тэлевізійнага музычнага праекту «ЭўраФэст» паводле вынікаў фінальнага гала-канцэрту «Дарога на «Эўрабачаньне».

У мінулыя гады ўдзельнікі «Эўрабачаньня» ад Беларусі — дуэт «Аляксандра і Канстанцін», Анжаліка Агурбаш і Паліна Смолава — у фінал не прабіваліся.

Песьня Калдуна нічым асаблівым не вылучалася. Праўда, у беларускага выканаўцы ёсьць голас і плястыка. У прадстаўнікоў іншых краінаў найчасьцей не было ці таго, ці таго, а часам ні таго ні таго.

Варта адзначыць, што ў большасьці эўрапейскіх краінаў конкурсу «Эўравізіі» не надаецца такога значэньня, як у Беларусі. Гэтак. у Польшчы яго трансьляцыю звычайна глядзіць менша за 2 % тэлегледачоў. Дый папса не займае такога месца ў жыцьці, як у Беларусі, дзе нацыянальныя рок-выканаўцы забароненыя да трансьляцыі па галоўных радыёканалах.

Лічыцца, што найбольшыя шанцы на перамогу сёлета мае гумарное травэсты з Украіны Верка Сярдзючка, а таксама Марыя Шарыфавіч з Сэрбіі, якая адкрыта заяўляе пра сваю нетрадыцыйную арыентацыю. У параўнаньні зь імі Дзьмітры Калдун, пратэжэ Кіркорава, яшчэ недастаткова заявіў пра сябе.

Мікола Бугай; інф. радыё «Свабода»

Фота eurovision.tv

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0