На адным з хутароў Гродзенскага раёна сёлета не будзе багатага ўраджаю цукровак. Жыццё сямiдзесяцiгадовай грушы спынiў ураганны вецер, сапраўдны смерч, якi праiмчаўся тут у пятнiцу вечарам. Некалькi хвiлiн — i дрэва прыкладна дваццацiметровай вышынi з таўшчэзным ствалом было вырвана з зямлi i кiнута на суседнюю адрыну, не пашкадаваўшы, зразумела, дах...

Дзiўна: побач з гэтым хутарам — лесапасадкi, сотнi дрэў, але не пашанцавала, наколькi мне ўдалося ўбачыць, толькi гэтай грушы ды яшчэ адной бярозе ля чыгункi. Менавiта яны апынулiся на шляху бязлiтаснай стыхii. Аб яе сiле сведчыць той факт, што ў Гродне быў перакулены газетны кiёск, праз якi пераляцеў таксама адарваны ад асфальту павiльён — палатка, дзе гандлявалi пiвам.

Паводле iнфармацыi з Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС, разбурэннi ад ураганнага ветру з пралiўнымi дажджамi i навальнiцамi зарэгiстраваны ў 12 раёнах вобласцi i ў абласным цэнтры, пацярпелi 225 населеных пунктаў. Пашкоджаны 66 дамоў, 2 аб’екты сацкультбыту, 170 сельскагаспадарчых будынкаў, 18 кiламетраў лiнiй электраперадач, 35 гектараў лесанасаджэнняў i сельгасугоддзяў. На некаторы час былi абясточаны 155 населеных пунктаў, дзiцячы садок, 186 трансфарматарных падстанцый. У Гродне паваленымi дрэвамi пашкоджана шмат аўтамабiляў.

Паводле папярэднiх падлiкаў, страты ад урагану — больш за 75 мiльёнаў рублёў. Найбольш пацярпелi горад Гродна, Гродзенскi, Дзятлаўскi, Зэльвенскi i Шчучынскi раёны. Але самае страшнае, што не абышлося без ахвяраў. У Шчучынскiм раёне два хлопчыкi, 14 i 15 гадоў, ехалi на веласiпедах па дарозе Янчукi — Тур’я. Ад маланкавага разраду адзiн з iх загiнуў, а другi трапiў на бальнiчны ложак з электратраўмай. Шпiталiзавана з чэрапна?мазгавой траўмай i жыхарка вёскi Малыя Краглi ў Дзятлаўскiм раёне. Пенсiянерка выйшла на вулiцу паглядзець, што робiцца на двары, i трапiла пад шыфер, якi падаў з даху.

З?за падзення напружання ў электрасiстэме часова спынялiся некалькi вытворчых цэхаў на гродзенскiх прадпрыемствах «Хiмвалакно» i «Азот». Электразабеспячэнне хутка аднавiлi i на працягу змены быў наладжаны звычайны рабочы рэжым.

Згодна з iнфармацыяй галоўнага спецыялiста цэнтра прапаганды i навучання пры Гродзенскiм абласным упраўленнi МНС Раiсы Масько, на працягу двух сутак асноўная колькасць выездаў выратавальнiкаў прыйшлася на аказанне дапамогi насельнiцтву i арганiзацыям пры разборы завалаў, распiлоўцы дрэў, якiя ўпалi на зямлю альбо завiслi над пабудовамi. Разбiралi прыведзеныя ў аварыйны стан дахi, адпампоўвалi ваду з падвалаў жылых дамоў... А ў вёсцы Дубiнка Гродзенскага раёна работнiкi МНС выратоўвалi трох коней, якiя апынулiся сярод паваленых дрэў.

Цяпер у Гродне i раёнах вобласцi працуюць камiсii па ацэнцы страт i робiцца ўсё, што неабходна для лiквiдацыi наступстваў стыхii.

Барыс Пракопчык, Звязда

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0