«Мір — гэта вайна»

Славутая орўэлаўская формула «Мір — гэта вайна» жыва прыгадалася ў травеньскія дні, калі беларускія тэлеканалы спаборнічалі з расейскімі ў выкрываньні «эстонскага фашызму» ды рознага роду «фальсыфікатараў гісторыі».Тон у «спаборніцтве» задавалі кіраўнікі дзьвюх дзяржаваў.

Колькі апошнім часам гаварылі пра непераадольныя супярэчнасьці, у тым ліку псыхалягічныя, Лукашэнкі й Пуціна. Але 9 Траўня, якое аднолькава адзначаецца ў абедзьвюх дзяржавах, абодва гаварылі адно й тое ж. І нават аднолькавымі словамі, на аднолькавай мове.

«Цяперашнія прэтэндэнты на сусьветнае панаванне спрабуюць выкарыстаць вайну ў якасьці інструмэнту зьнешняй палітыкі, з дапамогай сілы адстойваюць свае геапалітычныя і драпежніцкія інтарэсы, душаць тыя дзяржавы, якія сталі на незалежны шлях разьвіцьця». Гэта з прамовы кіраўніка Беларусі ў Менску. А вось што казаў Пуцін перад парадам у Маскве аб прычынах Другой усясьветнай вайны і сучасных пагрозах: «У нашыя дні такіх пагрозаў не становіцца меней. Яны толькі трансфармуюцца, мяняюць аблічча. І ў гэтых новых пагрозах, як і за часам трэцяга райху, — выключнасьць і дыктат».

Розьніцы, фактычна, ніякай. Пад «прэтэндэнтамі на сусьветнае панаваньне» і «трэцім райхам» маецца на ўвазе адзін і той галоўны вораг — Злучаныя Штаты Амэрыкі. Расейскі МЗС, дарэчы, мусіў потым даваць тлумачэньні Беламу Дому — маўляў, расейскі прэзыдэнт у сваім выступе і ня думаў крыўдзіць ЗША, параўноўваючы іх з гітлераўскай Нямеччынай.

Але ў Расеі ўсе цудоўна зразумелі, каго і што меў на ўвазе Пуцін, які абазначыў «новы курс» на халодную вайну у дачыненьнях з Захадам яшчэ ў сваёй Мюнхэнскай прамове. Цудоўна зразумелі і пасаж пра Эстонію, якую Пуцін асудзіў, не называючы.

Кіраўнік Беларусі быў менш дыпляматычным. Ён проста казаў пра «дэмантаж помніка Воіну‑вызваліцелю ў Таліне», пра «закрыцьцё польскімі ўладамі савецкай экспазыцыі ў Асьвенцыме» (якой ніколі не было). За словамі пасьледвала справа. Пікетоўцы зь ліку вэтэранаў і бээрэсэмаўцаў ля эстонскага консульства ў Менску спалілі дзяржаўны сьцяг Эстоніі.

Аб’ектам прапагандысцкіх нападаў усьлед за эстонцамі сталі палякі. Гэта гаворыць аб тым, што падзеі ў Таліне — толькі зачэпка для распальваньня канфрантацыі з Эўрасаюзам і ЗША.

Палякі пацярпелі ў вайне ня менш за беларусаў і расейцаў. І пра магілы сваіх, а таксама й савецкіх жаўнераў дбаюць. Між іншым, яны з гітлерцамі ваявалі ад першага дня Другой усясьветнай, а не ад 22 чэрвеня 1941‑га. Але даводзіць гэта людзям, якія жывуць уяўленьнямі, быццам Прыбалтыка, Беларусь і Ўкраіна, Грузія і Малдова — расейская тэрыторыя, а былыя краіны сацлягеру павінны кожны крок узгадняць з Крамлём — гэтым людзям даводзіць, што яны памыляюцца, няма сэнсу. Тое самае, што даводзіць заалягічным антысэмітам, што Галакост быў пачварным злачынствам перад чалавечнасьцю. Цікава, дарэчы, што за адмаўленьне факту Галакосту ў Эўропе судзяць, а вось ухваляць яго можна — за гэта нічога ня будзе. І апаганьваньне габрэйскіх могілак у Эўропе, у тым ліку ў Беларусі, даўно зрабілася рэччу звыклай.

«Увесь асабовы склад…»

Закладнікам рыторыкі халоднай вайны зрабіліся ня столькі краіны былога «сацлягеру» (у іх ёсьць пакуль абарона ў выглядзе ЭС і НАТО), колькі Беларусь.

Але перш чым гаварыць аб гэтым, варта ўспомніць яшчэ раз пра тое, што зрабілася ўсяго толькі падставай для палітычных спэкуляцыяў. Пра Дзень Перамогі і пра тых, хто за яе ваяваў.

Усе загіблыя ў барацьбе зь нямецкім фашызмам заслугоўваюць пашаны. Гэта нават ня варта абмяркоўваюць. Гэта катэгарычны імпэратыў. Як і тое, што ня трэба чапаць магілаў і ўсчыняць палітычныя гульні вакол іх.

Ня меншай павагі заслугоўваюць і тыя, хто дажыў да нашых дзён. Але зь іх заслугамі і ўзнагародамі, дзякуючы дзяржаве, адбылася непрыемная рэч —дэвальвацыя. Прывяду меркаваньне расейскага дасьледчыка‑калекцыянэра, былога франтавіка А. Шчолакава зь яго кнігі «Захапляльная геральдыка».

«Савецкай сыстэме было ўласьцівае ўсталяваньне ўзнагародаў, якія, паводле народнага выразу, уручаюцца за «дажываньне», у сувязі зь нейкімі памятнымі ці юбілейнымі датамі.

Якія сур’ёзныя прычыны маглі прымусіць урад адзначаць узнагароднымі мэдалямі 1500‑годзьдзе Кіева, 800‑годзьдзе Масквы, 250‑годзьдзе Ленінграда? Каго і за якія заслугі імі адзначалі? Адказ даюць палажэньні аб мэдалях: «Мэдалём у памяць 1500‑годзьдзя Кіева» ўзнагароджваюцца…асобы… якія пражываюць у Кіеве ці яго прыгарадах ня менш за 10 гадоў» (1982 г.)

Далей А.Шчолакаў піша: «У канцы Вялікай Айчыннай вайны мэдалямі «За перамогу над Нямеччынай» былі ўзнагароджаныя 15 млн чалавек, «За перамогу над Японіяй» — каля 2‑х млн, мэдалём «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне» дзяржава адзначыла звыш 16 млн чалавек.

У 1965‑м Вярхоўны Савет СССР засноўвае мэдаль «Дваццаць гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 г.» Узнагароджваецца «ўвесь асабовы склад Узброеных Сілаў і іншыя асобы, узнагароджаныя мэдалём «За Перамогу над Нямеччынай у Вялікай Айчыннай вайне»

«За якія, прабачце, заслугі, звыш тых, якія былі прызнаныя і адзначаныя яшчэ ў 1945‑м, прызначылі гэтую «ўзнагароду?» — задаецца пытаньнем былы франтавік. Такі самы мэдаль ён атрымаў і да 30‑годзьдзя Перамогі. «Мэдаль да 60‑годзьдзя Перамогі я атрымліваць ня стаў. Выявілася, што трэба прад’явіць дакумэнты. Якія? Ветлівая пані па тэлефоне патлумачыла: «Тыя, якія пацьвярджаюць, што вам належыць узнагарода».

Для чалавека, які загадзя ведае, калі і якая яму «належыць узнагарода» — яна перастае быць узнагародай і становіцца сувэнірным значком».

На завяршэньне тэмы аўтар са зьдзіўленьнем адзначае, што цяперашняя сыстэма ўзнагародаў Расеі працягвае традыцыі савецкай. Ордэн Жукава ўручаецца ваеначальнікам, якія маюць званьне Героя Савецкага Саюза. Ордэн за ордэн. Падобнай практыкі, адзначае дасьледчык, няма больш ні ў адзінай краіне сьвету.

«Нікога не змаглі вызваліць…»

Прашу прабачэньня за доўгую цытату. Мне падалося важным сьведчаньне сумленнага чалавека зь іншай дзяржавы, які ваяваў, які быў і ёсьць расейскім патрыётам і не адмаўляецца ад савецкага мінулага. Ці шмат у яго пасьлядоўнікаў сярод вэтэранаў у Расеі ці ў сёньняшняй Беларусі? Думаю, не.

Інакш колькасьць вэтэранаў, абвешаных з галавы да ног узнагародамі (у асноўным, апісанымі вышэй), у сьвяточных шэсьцях на вуліцах сталіцы даўно б рэзка скарацілася. Можна ўявіць абурэньне многіх з тых вэтэранаў, хто прачытаў бы фрагмэнт цытаванай кнігі.

Але бясконцыя «ўзнагароды за ўзнагароды», хваласьпевы і выстаўленьне вэтэранаў у якасьці сьвятарных кароваў (пра якіх дзяржава забывае адразу пасьля сьвята) ня толькі не дадаюць ім гонару, але й зьяўляюцца зьдзекам з памяці іх памёрлых сяброў. Дый зьдзекам з памяці аб вайне зь яе мільёнамі ахвяраў увогуле.

Лейтэнант мэдслужбы, ветэран і інвалід вайны Алена Бонэр (удава акадэміка Сахарава) напісала на расейскім сайце «Грані» 9 траўня наконт «вызваленьня Эстоніі» вельмі каротка і проста: «Нікога мы не вызвалялі ды й сябе не змаглі вызваліць, хоць чатыры гады спадзяваліся на вызваленьне. Нават казалі: «Пасьля вайны — калі дажыву — усё жыцьцё будзе іншым». Не атрымалася. Ні ў 1945‑м, ні ў 1991‑м».

Такіх людзей, як Бонэр, засталіся адзінкі. Ды й яна жыве цяпер за мяжой.

Ужо налета 9‑га Траўня на Краснай плошчы пойдуць танкі. А на трыбуне Маўзалея будзе стаяць калі ня Пуцін, дык яго клон — клон Андропава, Брэжнева, Сталіна. А ўсьлед за імі, з розьніцай у гадзіну, у Менску будуць маршыраваць беларускія вайскоўцы. За каго і за што яны будуць гатовыя аддаць жыцьцё? За незалежнасьць? Хацелася б верыць.

Але ёсьць тут і адваротны бок справы, які тычыцца беларусаў. Я маю на ўвазе тых, якія прынцыпова ня хочуць прызнаць мінулую вайну важным пэрыядам у гісторыі Беларусі. Паколькі беларусы да таго часу не сфармаваліся як нацыя, лічаць гэтыя філёзафы ды гісторыкі, у іх не было сьвядомага стаўленьня да вайны, не было нянавісьці да нямецкіх акупантаў. Яны былі альбо ахвярамі, альбо — калі прыйшла савецкая армія — гарматным мясам. Гэта быў проста гіганцкі катаклізм, пра які трэба як мага хутчэй забыць.

Такое ўражаньне, быццам і не было ў беларускай літаратуры ні Адамовіча зь яго «Карнікамі», ні Быкава з «Сотнікавым». Ці яны не належаць да беларускай культуры, і іх чалавечы й мастацкі досьвед ня мае дачыненьня да беларускага народу. Няўжо, калі выкрасьліць з гісторыі бээсэсэраўскі пэрыяд, з вайной і партызанкай, мы атрымліваем лябараторна чыстую беларускую нацыю?

Ды й адкуль жа ёй узяцца? З гісторыі ВКЛ, з Грунвальда? Зь легендаў і казак? Тыя легенды не бліжэй да рэчаіснасьці, чым фільмы пра вайну, якія круцяць на БТ.

Беларусы жылі апошнія сто гадоў, як і папярэднія стагодзьдзі, на сваёй зямлі, а не на Марсе. І ад таго, што яе тапталі й гвалтавалі акупанты, яна не перастала быць Беларусьсю. Толькі ня той, аб якой мараць нашыя інтэлектуалы...

Гэта ня значыць, што за саветамі жыць было добра. Гэта значыць, што ўсё трэба памятаць. Без выключэньняў. Ня можна выбраць з гісторыі харошыя, цікавыя старонкі і «выдраць» кепскія.

І няўжо тая частка беларусаў (пераважная, між іншым, частка), якая пайшла ў партызаны ці ў савецкую армію, супрацоўнічала зь імі, не заслужыла права звацца беларусамі?

Можна як заўгодна ацэньваць той пэрыяд гісторыі зь сёньняшніх акадэмічных вышыняў, гаварыць, што саветы былі для Беларусі такім самым злом, як і немцы. У рэальнасьці жывыя людзі сутыкаліся не з абстрактным, а з цалкам рэальным злом. Забівай іншых — альбо будзеш забіты сам. І трэба было рабіць маральны выбар. І подласьць тады была подласьцю, годнасьць — годнасьцю, баязьлівасьць — баязьлівасьцю, мужнасьць — мужнасьцю. Як і цяпер, дарэчы.

Мы павінны ведаць, чым насамрэч была вайна, колькіх яна каштавала ахвяраў, але гэта не здымае з нас маральнага абавязку перад бацькамі, якія гінулі ў барацьбе за радзіму і свабоду. Тое, што яны не змаглі адстаяць ні таго, ні другога, не прыніжае іх мужнасьці. Яны не маглі ведаць, што будзе потым. Яны ваявалі і пры гэтым заставаліся людзьмі. У большасьці сваёй.

Але ці шмат засталіся людзьмі ва ўмовах «мірнага часу»? Як выявілася, узарваць мост альбо цягнік, ці нават кінуцца на амбразуру часам бывае лягчэй, чым запярэчыць начальству, альбо адмовіцца ад «пайкі» да сьвята.

Канечне, хацелася б жыць у грамадзтве, дзе няма патрэбы ў гераізьме і мужнасьці. Прынамсі, штодня. Нармальны чалавек у нармальным жьцьці мусіць ісьці на нейкія кампрамісы з сабой і абставінамі.

Але тым больш ня варта глядзець з грэблівасьцю нэафітаў на пакаленьне бацькоў, якія не зразумелі таго, што, нібыта, разумеем мы. Яны зрабілі тое, што маглі. А некаторыя нават крышачку больш.

Мы яшчэ не зрабілі нічога, каб мець права іх крытыкаваць. І каб прыйсьці на іх магілы з чыстым сумленьнем.

Віталь Тарас

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0