Прычынай аварыйных адключэнняў электрычнасці могуць быць гарачае надвор’е і ліўневыя дажджы. Пра гэта паведаміў БелаПАН вядучы інжынер ДВА «Белэнерга» Уладзімір Кардуба, каментуючы факты аварыйных адключэнняў электрычнасці ў Мінску і рэгіёнах краіны, што пачасціліся ў апошні час.

Спецыяліст зазначыў, што ў спякоту провад, асабліва 10‑кілавольтны, можа награвацца і правісаць. Калі такі провад «ляжа» на дрэва, ёсць пагроза з’яўлення «зямлі ў сетцы». У такіх выпадках на гэтым участку ліні электрычнасць аўтаматычна адключаецца. «Штогод мы расчышчаем 5‑6 тыс. км ліній электраперадачы ў раёнах паркаў і лясоў», — паведаміў У.Кардуба.

Паводле яго слоў, аварыі здараюцца не тролькі з‑за ўмоў надвор’я, але і ў выніку так званых «фізічных ненаўмысных падзей», напрыклад, падчас пасяўных работ, калі могуць пашкодзіцца апоры ліній электраперадачы.

Спецыяліст патлумачыў, што з якасцю правадоў на высакавольтных лініях электраперадачы аварыйныя адключэнні ніякі не звязаны. «У нас нармальная якасць правадоў», — падкрэсліў У.Кардуба.

Як патлумачыў вядучы інжынер, час ліквідацыі пашкоджання электрычных сетак не павінен перавышаць 2,5 гадзіны — гэта самы нізкі нарматыў сярод былых краін Савецкага Саюза. Ён зазначыў, што дзяжурныя рамонтныя брыгады па ліквідацыі аварый на электрасетках працуюць круглыя суткі.

Абарваная лінія электраперадачы стала прычынай гібелі мінулай ноччу 45‑гадовай мінчанкі і яе 20‑гадовага сына. Трагедыя здарылая 28 мая ў 00.20 ля дома № 7 па вуліцы Кахоўскай у сталіцы, калі падчас навальніцы паваленым дрэвам была абарвана лінія электраперадачы.

23 і 24 мая з‑за аварыі на лініях электраперадачы святло на працягу некалькіх гадзін адсутнічала ў некаторых раёнах Мінска. Так, у раёне, дзе размешчаны будынак прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, электрычнасці не было каля дзвюх гадзін, у шэрагу дамоў мікрараёнаў Уручча і Серабранка — каля 1,5 гадзіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?