«Гэта вельмі мяккае пакаранне, на якое мы не разлічвалі» — так пракаментавала журналістам прысуд у дачыненні да актывістаў незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт» Наста Палажанка.

Нагадаем, 29 мая суд Савецкага раёна Мінска прызнаў актывістаў «Маладога фронту» Барыса Гарэцкага, Зьмітра Хведарука, Насту Палажанку, Алега Корбана і Аляксея Янушэўскага вінаватым на падставе артыкула 193‑1 Крымінальнага кодэкса (дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі). З.Хведарук пакараны штрафам у 40 базавых велічынь (прыблізна 580 долараў), А.Корбан, Б.Гарэцкі і А.Янушэўскі — штрафам у 30 базавых велічынь (прыблізна 435 долараў) кожны. Н.Палажанцы суд вынес афіцыйнае папярэджанне. Дзяржаўны абвінаваўца патрабаваў пакараць маладых людзей штрафам у 500 базавых велічынь (15,5 млн. рублёў).

«Такія прысуды мы атрымалі таму, што нашы сябры ўвесь час нас падтрымлівалі, — сказала Н.Палажанка. — Знаходзячыся ў судовай зале, мы чулі скандаванне людзей, якія сабраліся каля суда. Зразумела, мы будзем працягваць дзейнасць па стварэнні і рэгістрацыі нашай арганізацыі. Адзінае, чаго мне шкада, — гэта нашых камп’ютэраў, якія згодна з рашэннем суда канфіскаваныя ў даход дзяржавы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?