Надакучлiвы анэкдот

Калi над Беларусяй зноў узышоў савецкi герб i па-над усiмi канторамi былi вывешаныя бальшавiцкiя сьцягi, адзiн мой знаёмец цынiчна радаваўся. «Уяўляеш, як лёгка цяпер будзе нам здабыць палiтычны прытулак за мяжой? Грамадзянам з краiны з такiмi сымбалямi. Для гэтага нам нават не спатрэбiцца шмат пакутаваць. На iх камэдыю мы адкажам сваёй. Выйдзем пад нашымi сьцягамi цi раскажам анэкдот пра Лукашэнку. Сапраўдныя тэрмiны ды катаваньнi нас наўрад цi чакаюць. А вось вiзы, пашпарты i ўсё астатняе будзе сапраўдным». Казалася гэта ўсё ў невясёлым траўнi 95-га. Але лiтаральна праз год ягоная балбатня пачала ўвасабляцца ў жыцьцё. Камэдыi, праўда, было малавата. Але пашпарты й вiзы некаторыя камэдыянты здабылi насамрэч бязь лiшняй затрымкi. З тае пары ў беларускiм мастацтве ўсё часьцей стаў зьяўляцца адзiн i той пэрсанаж. Ён зьяўляўся на старонках лiтаратурных газэт. Ценем у апавяданьнях ЛIМа й чырвонай нiткай у нашанiўскiм «Грамафоне», дзе ў большасьцi твораў маладыя аўтары заганялi таго пэрсанажа ў дамавiну. Ён стаў надзвычай папулярным героем андэграўндавага мастацтва. Колькi песень было адсьпявана яму. Матыў, праўда, пераважаў адзiн i той самы — разьвiтаньня. Ад шчырага «Go home» «Новага Неба» да патэтычнага «Таварыш маёр, вядзi нас на Ўсход» Андрэя Мельнiкава. Асаблiва часта той пэрсанаж пазнаваўся на тэатральных падмостках сталiцы. Дзе ён выступаў пад рознымi iмёнамi, часта размаўляў словамi, напiсанымi зусiм не пра яго й задоўга ад ягонага нараджэньня. Але чым большым i трапным было пазнаваньне, тым гучнейшымi былi авацыi. Такой папулярнасьцi можна пазайздросьцiць. Тым больш немагчыма абысьцi яе ўвагаю, калi адна толькi наяўнасьць таго пэрсанажу гарантуе скандал, а значыць i посьпех.

Гэткi да непрыстойнасьцi часты зварот дзеячоў мастацтва да аднаго й таго ж героя, на маю думку, тлумачыцца не адной толькi злосьцю. Ёсьць i пэўны разьлiк. Разам з учорашнiмi сымбалямi жартаўнiца-гiсторыя дала нам шанец выкарыстаць тое, што не было выкарыстана нашай культурай учора. Як нi круцi, а комплекс адсутнасьцi культурнага дысыдэнцтва ў некаторых з нас маецца. Асаблiва ў тых, хто нiчога не напiсаў «у стол» цi «для вывазу за мяжу» тады, калi, у горшым выпадку, за гэта можна было атрымаць сiбiрскую вiзу. У даўгавечнасьцi чырвонага рэжыму, здаецца, ня ўпэўненыя i самi чырвоныя. Таму трэба сьпяшацца. А то рэжым рухне, i тады прыйдзецца даваць адказ, гледзячы ў суворыя вочы таварышаў па пяру, — чым ты займаўся, калi нашай краiне й культуры было так цяжка? I чым больш гучным быў твой анэкдот, тым большымi будуць дывiдэнды. Анэкдатычнасьць сытуацыi ўзмацнялася яшчэ й немагчымасьцю ўсур’ёз апяваць таго пэрсанажа з процiлеглага боку. Калi газэтныя артыкулы пра вялiкага й мудрага кiраўнiка выглядаюць вартым жалю рэлiктам з 40-х гадоў, то песьня «Товарищ президент» Эдуарда Ханка ўспрымаецца як тонкi зьдзек.

Якiмi яны выглядалi сьмешнымi ды забаўнымi ў першых карыкатурах — Ленiн у Аверчанкi, Гiтлер у Чаплiна. Аднак тыранам нiчога не перашкодзiла стаць тыранамi, карыкатуры ж вялiкiх майстроў наўрад цi хто з шырокай публiкi памятае. Адзiны верш Восiпа Мандэльштама пра «крамлёўскага горца» пераважае пазьнейшыя рыфмаваныя тамы пра «ката» й «людажэра». I справа тут ня толькi ў страшнай даце напiсаньня й дэманiчнасьцi асобы, але, перш наперш, у самым творы, дзе што нi склад, то нiбы нетаропкi й жахлiвы крок падкаваных ботаў па начных сходах. Шмат што забудзецца, шмат чаго ўжо забылася з напiсанага пра найвялiкшага з дыктатараў. Хто цяпер сьпявае песьнi Галiча, хто апошнiм часам чытаў Салжанiцына? Цi ёсьць увогуле сэнс у змаганьнi словам? I цi ня служыць слова спускавым курком?

Якая ўсё ж непрыгожая роля выпала нашаму «тырану». Яшчэ не пасьпеў нiкога толкам замардаваць, яшчэ ў лексыкон не вярнулася слова «лягер», яшчэ Сiбiр з Калымою застаюцца за мяжою, а яго ўжо ставяць на адну дошку з самымi сапраўднымi сатрапамi ўсiх часоў ды народаў. Але ж у той час, калi ва ўсiх тых народаў усе сатрапы засталiся ў назаўжды прамiнулых часах, ягоныя вусы, вочы ды прамовы, яшчэ як толькi ён узышоў на трон, не маглi не выклiкаць пэўных асацыяцыяў i поклiчаў да стварэньня анэкдотаў. А ён мог сабе дазволiць не зважаць. Ён сам стаў узорам народнай творчасьцi, любiмым героем бясконцага тэлесэрыялу, акторам, якi ня мае патрэбы ў партнэрах. Ён меў шанец пакiнуць нам нецiкавую ролю парадыстаў. Але пасьля таго «каляднага вiншаваньня» рэжысэру Хашчавацкаму (якое асабiста мяне ўразiла сваёю мярзотнасьцю) стала ясна, што анэкдоты застаюцца ў мiнулым. I ня важна, цi мае непасрэднае дачыненьне да таго акту А.Г.Лукашэнка. Важна, што творца мае вядомае ў Эўропе стаўленьне да пэрсанажа.

Анэкдоту не атрымаецца. Бальшавiцкiя сьцягi не зьяўляюцца як нонсэнс цi недарэчнасьць. Iх вывешвае бальшыня. Тая, што абiрае сабе важака, а разам зь iм i нашую будучыню. Тым больш, усе магчымыя змрокi сюжэтаў той будучынi намi расьпiсаныя. Прататыпу засталося толькi ўвасобiцца ў плоць. Але пакуль усе яшчэ жывыя, i ня ўсе яшчэ зьехалi. Весялей толькi ад гэтага не становiцца.

Зьмiцер Бартосiк

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0