Сэмiнар

Годны падарунак

 

19 сьнежня 1997 году ў Менску адбыўся сэмiнар «Карныя органы Беларусi: гiсторыя й сучаснасьць (да 80-х угодкаў ВЧК)». Арганiзатарамi iмпрэзы былi Беларускi Хельсынскi Камiтэт i Беларуская Асацыяцыя Ахвяраў Палiтычных Рэпрэсiяў. Такiм чынам грамадзкiя iнстытуцыi Беларусi адзначылi ўгодкi рэпрэсiўнай машыны, якая столькi зрабiла для зьнiшчэньня гэтага самага грамадзтва.

Вiталь Скалабан прапанаваў разглядаць функцыянаваньне рэпрэсiўнай сыстэмы з самых першых дзён бальшавiцкае ўлады ў Беларусi i ў сваiм дакладзе прааналiзаваў удзел ва Ўсебеларускiм зьезьдзе 1917 году як падставу для рэпрэсiяў. Тацяна Процька паказала непасрэдную ролю ВЧК ва ўсталяваньнi савецкай улады ў Беларусi. Iгар Кузьняцоў, чый зборнiк дакумэнтаў падрыхтаваны ў Архiве Найноўшае Гiсторыi, свой даклад прысьвяцiў тэхналёгii функцыянаваньня карных органаў у 1920-50-я гады. Тэма адной з дыскусiяў, якiя разгарэлiся на сэмiнары — колькасьць ахвяраў. Пакуль архiвы КГБ закрытыя, пра гэта можна толькi меркаваць. Iгар Кузьняцоў таксама заявiў, што падае ў суд на Адама Залескага, чыю публiцыстыку ўлады актыўна пачалi выкарыстоўваць для апраўданьня камунiстычнага тэрору. Адам Залескi дазволiў сабе ня проста некарэктныя выказваньнi, а нават i абразу сваiх апанэнтаў.

Што кiнулася ў вочы, дык гэта раскол у асяродзьдзi былых рэпрэсаваных. Розныя групы ў Беларускай Асацыяцыi Ахвяраў Палiтычных Рэпрэсiяў па-рознаму бачаць тактыку дзеяньня сваёй арганiзацыi ў адстойваньнi правоў ахвяраў таталiтарнага рэжыму. Зрэшты, сытуацыя ў Беларусi не ўнiкальная — грамадзкi рух былых рэпрэсаваных расколаты практычна ва ўсiх постсавецкiх краiнах.

На менскiм сэмiнары адбылася прэзэнтацыя кнiгi Аляксандра Лукашука «За кiпучай чэкiсцкай работай: З жыцьця катаў». Першыя 50 асобнiкаў кнiгi даставiлi на сэмiнар адразу з друкарнi. Сам аўтар ня змог прыехаць у Менск, але даслаў свой прывiтальны тэкст, дзе адзначыў, што «ўчорашнiх катаў ушаноўвае той, каму патрэбныя каты сёньня». Сэмiнар i кнiга сталiся годным падарункам у дзень 80-х угодкаў ВЧК.

Сэмiнар «Карныя органы Беларусi» быў першай з акцыяў вялiкай гiстарычнай антытаталiтарнай праграмы, якую зьбiраюцца ажыцьцяўляць грамадзкiя арганiзацыi Беларусi. У лютым 1998 году Беларускi Хельсынскi Камiтэт мае намер правесьцi канфэрэнцыю «Палiтычныя рэпрэсii ў Беларусi ў ХХ стагодзьдзi».

Алег Дзярновiч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0