Учора ў фальварку "Добрыя мысьлі" прайшла першая з трох заплянаваных прэзэнтацый дыску «Начная чытанка», выдадзенага радыё «Свабода».
На прэзэнтацыю сабралася каля 40 чалавек, а таксама зь дзесятак аўтараў «Начной чытанкі». Імпрэзу пачаў бард Віктар Шалкевіч, ён выканаў пару песень і ў хуткім часе быў вымушаны з усімі разьвітацца, бо спазьняўся на цягнік у Горадню.
У самым пачатку імпрэзы вядучы Аляксей Знаткевіч абвесьціў конкурс, паводле якога жадаючыя маглі напісаць свой сьпіс аўтараў, якія павінны трапіць у наступную «Начную чытанку». Бясспрэчным пераможцам стаў Адам Глёбус, яго сьпіс налічваў каля 50 чалавек. У падарунак пісьменьнік атрымаў радыёпрымач.
Свае вершы чыталі Анатоль Івашчанка, Наста Кудасава, Леанід Дранько-Майсюк, Аксана Данільчык.
Гомельскі пісьменьнік Сяргей Балахонаў прачытаў урывак зь яшчэ няскончанага раману пра школьнае жыцьцё.
Чарговы раз аскандаліўся Зьміцер Вішнёў. Ён чытаў эсэ пра свае п’янкі ў Славеніі, але выступ зацягнуўся настолькі, што вядучыя вымушаны былі яго спыніць. Абразіўшыся, Зьміцер пачаў пасылаць вядучых у адным добра вядомым накірунку. Яшчэ пасьпеўшы сказаць, што болей ён ня будзе прымаць удзел ні ў якіх праектах «Свабоды», Вішнёў пакінуў залю.
Лявон Вольскі зачытаў дзьве казачкі, а таксама сыграў дзьве песьні «Менск – Мінск» і «Простыя словы».
Кожны жадаючы атрымаў па дыску. Прэзэнтацыі ў «Добрых мысьлях» працягнуцца яшчэ сёньня і заўтра.