Замежныя мэдыі трубяць пра заяву расейскага амбасадара аб імаверным разьмяшчэньні ў нас ядравых узбраеньняў. Пайшлі ў ход выбуховыя загалоўкі кшталту "У Беларусі будзе атамная зброя". Хто ня бачыў арыгіналу гутаркі, падумае, што гэта нейкі гімн халоднай вайне.

Насамрэч амбасадар доўга разважае пра газ, крэдыт, давальцаў, цукеркі… Потым завуалявана папракае беларускае кіраўніцтва за тое, што яно (трэба думаць, выгадваючы бонусы) цягне рызіну ў пытаньні заключэньня даўно вылізанай вайсковымі адмыслоўцамі дамовы аб адзінай сыстэме супрацьпаветранай абароны. І толькі потым, пад заслону, гучыць пытаньне: "Ці будзе Расея разьмяшчаць у Беларусі новыя вайсковыя аб'екты (у зьвязку з разьмяшчэньнем амэрыканскай СРА ў Эўропе?". На што Сурыкаў рэагуе так: "Вось гэта ўжо залежыць ад узроўню нашай палітычнай інтэграцыі…". То бок дамінуе хутчэй інтанацыя няпэўнасьці.

Такім чынам, ядравы аспэкт гэтага інтэрвію Сурыкава разадзьмулі. Зрэшты, магчыма, на тое і быў разьлік.

І калі гэта ўсё ж пробны шар, то — спрацавала. Замежжа ўсхадзілася. Гэта цалкам у рэчышчы маскоўскай піяраўскай гульні пад назвай "Наш адказ Вашынгтону на СРА" (абрэвіятура, шчыра кажучы, яшчэ тая:)

Так што занадта ўражлівыя іншаземцы ды айчынныя пасыянары могуць трохі астыць.

З таго, што сказаў Сурыкаў, бадай, цікавей наступнае:

— стабілізацыйнага крэдыту хутчэй што не дадуць;

— расейцы будуць дамагацца роўных правоў на нашым рынку і могуць, калі што, прыціснуць нашыя тавары ў сябе ("Беларускія вытворцы болей залежаць ад расейскага рынку, і нам бы не хацелася супрацьстаяньня");

— новыя адключкі "блакітнага паліва" цалкам імаверныя;

— газ у 2008 годзе будзе каштаваць Беларусі ад 125 да 150 даляраў.

Карацей, пацьверджаны працяг прагматычнага курсу на скарачэньне субсыдыяў і пераход да рынкавых прынцыпаў у двухбаковых дачыненьнях.

Што ж да пэрспэктывы ператварэньня Беларусі ў ядравы пляцдарм, то гэта практычна нерэальна. Трохі падзейнічаць Захаду на нэрвы — так. Лезьці ж у бункеры халоднай вайны расейскі істэблішмэнт ня рвецца. Акрамя таго, на думку менскага палітоляга Андрэя Фёдарава, зь якім мы толькі што абмяняліся ўражаньнямі, Крэмль наўрад ці лічыць, што хаўрусьнік дастаткова надзейны, каб давяраць яму такія цацкі.

Сапраўды, з гледзішча Масквы, якіх толькі конікаў Менск за апошнія гады не выкідваў. То ганіце мыта на прапампоўку нафты, то за зямлю пад трубаправодамі плаціце, то — злупім трыццаць мільярдаў за вайсковыя паслугі, то — увогуле зараз папросім з вайсковых аб'ектаў пад Ганцавічамі ды Вялейкай…

Карацей, чорт іх ведае, гэтых беларускіх партызанаў: возьмуць дый нацыяналізуюць атамныя ракеты падчас чарговай сваркі за газ! :)

"Звыш таго, і для Лукашэнкі паставіць тут ядравую зброю азначала б канчаткова спаліць масты ў стасунках з Захадам, апынуцца амаль што ў становішчы Ахмадзінэджада ці колішняга Кадафі", — мяркуе Фёдараў.

Дадамо: тады і жаданы "мірны атам" апынецца пад вялікім пытаньнем. Задзяўбуць!

Адзначым таксама: што да рызыканцтва на міжнароднай арэне, дык беларускаму кіраўніцтву раней ставала абачлівасьці прытармазіць на краі прорвы. І зараз наўрад ці хочацца рэальна апынацца ў вачох Вашынгтону на адной роўніцы з сябрам Махмудам, вялікім аматарам шукаць прыгоды на сваю галаву.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?