9 лістапада пухавіцкі раённы суд асудзіў актывістку Партыі БНФ, настаўніцу зь вёскі Талька Натальлю Ільініч да 1,5 гадоў папраўчых працаў. Яе абвінавацілі ў падбухторваньні да падробкі мэдыцынскай даведкі.

Даведка была прызначаная для дачкі спн. Натальлі, Дар’і, якая сёлета вясной езьдзіла ў Польшчу, каб паўдзельнічаць у гістарычным сэмінары. Адпаведна Дар’я прапусьціла некалькі заняткаў на гістфаку БДУ, дзе яна навучаецца.

Напрыканцы красавіка ў дэканат гістфаку прыйшоў супрацоўнік КДБ, які хацеў пагаварыць з Дар’яй. “Чэкіст” сказаў, што ён у курсе, што дзяўчына не хварэла, а знаходзілася тыя дні ў Польшчы. Ён прапанаваў даць інфармацыю пра гэты сэмінар. КДБіст сказаў, што ў такім выпадку ў дзяўчыны ня будзе ніякіх праблем з вучобай, а таксама яна зможа і надалей езьдзіць на падобныя сэмінары за мяжу. У праціўным выпадку, супрацоўнік спэцслужбаў абяцаў пусьціць у суд справу з даведкамі. Дар’я катэгарычна адмовілася ад супрацоўніцтва.

Пасьля было яшчэ некалькі спробаў КДБіста выйсьці зь ёй на кантакт, але ўвесь час Дар’я Ільініч адказвала адмовай. Урэшце справа Натальлі Ільініч была перададзена ў суд.

Пакуль незразумела, ці пакінуць жанчыну працаваць у школе настаўніцай. Бліжэйшымі днямі Натальля Ільініч зьбіраецца падаваць скаргу адносна прысуду ў вышэйшыя судовыя інстанцыі.

Зьміцер Панкавец

43000
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0