Адам Гурыновіч

У пятніцу, 14 снежня, ля вёскі Золькі грамадскасць раёна адкрыла памятны знак аднаму з пачынальнікаў сучаснай беларускай літаратуры паэту Адаму Гурыновічу. Тут, у фальварку Крыстынопаль, прайшлі яго апошнія гады, тут у 1894 годзе, на мясцовых могілках, 25‑гадовы паэт знайшоў свой апошні спачын.

У сучасных энцыклапедычных даведніках няма згадак пра месца пахавання Адама Гурыновіча. Пасля карпатлівай працы ў архівах Мінска, Вільні, Гродна і Маладзечна даследчык з Вілейкі Анатоль Рогач дакладна ўстанавіў — Адам Гіляры Гурыновіч пахаваны на Крыстынопальскіх могілках (цяпер могілкі суседняй вёскі Золькі).

На адкрыццё помніка прыйшлі мясцовыя жыхары з суседніх Ролічаў, Золек, Лыцавічаў, прыехалі госці з Вілейкі, Маладзечна, Мінска.

— На жаль, чамусьці не атрымалася прыехаць сюды запрошаным гасцям з Мядзельшчыны, — сказаў крыху пазней Анатоль Рогач. — У суседнім раёне таксама шануюць памяць пра Гурыновіча. Слабадская школа, якая знаходзіцца паблізу месца нараджэння Адама Гурыновіча, носіць імя паэта.

Памятны знак адкрылі аўтар яго праекта архітэктар Анатоль Капцюг і Анатоль Рогач. Пасля ўдзельнікі ўрачыстасці ўшанавалі памяць паэта на могілках, дзе, як сведчаць дакументы, пахаваны Адам Гурыновіч. Ад фамільных магіл тут, на жаль, засталіся толькі рэшткі капліцы з каменем, дзе выбіта імя бабулі паэта па матчынай лініі Ізабэлы Сіняўскай, якая памерла ў 1876 годзе.

Капліца пацярпела ў час першай сусветнай вайны. Менавіта тут праходзіла лінія фронту, і цагляную надбудову з яе, хутчэй за ўсё, немцы разабралі на фортыфікацыйныя збудаванні.

Анатоль Капцюг распрацаваў праект аднаўлення капліцы, пра які расказаў прысутным. Аналагічныя каплічкі захаваліся, напрыклад, у вёсцы Іжа на старых уніяцкіх, а пазней — праваслаўных могілках.

— Для аднаўлення, — кажа Анатоль Капцюг, — патрабуецца ўсяго толькі 620 сілікатных цаглін, крыху цэментнага раствору і тынку. Спадзяюся, што ў гэтай справе дапаможа мясцовая гаспадарка СВК «Чурлёны», якой кіруе Пётр Міргалоўскі.

Урачыстасці прадоўжыліся ў доме культуры ў Лыцавічах — на цэнтральнай сядзібе СВК «Чурлёны». Старшыня раённага Савета Яўген Ігнатовіч сказаў пры адкрыцці, што за апошнія гады, а асабліва за апошні, на Вілейшчыне шмат зроблена, каб захаваць памяць аб славутых земляках. Гэта адкрыццё мемарыяльных знакаў у Заблошчыне, Дзевятнях, Карэкаўцах, Касуце, Вілейцы.

— Вілейшчыне пашчасціла, — адзначыў Яўген Ігнатовіч, — што тут працуе такі апантаны гісторыяй дэпутат, як Анатоль Рогач.

Анатоль Рогач, які нарадзіўся недалёка ад Золек, у вёсцы Каралеўцы Іжанскага сельсавета, знаходзіць са сваімі паплечнікамі і аднадумцамі новыя імёны ў гісторыі Вілейшчыны, адкрывае новыя і ўдакладняе раней вядомыя даты з гісторыі нашага рэгіёну. На гэты раз, пасля работы над тэмай Гурыновіча, у Анатоля Рогача з’явілася біяграфічная кніга, якая так і называецца — «Адам Гурыновіч». Сігнальны яе экзэмпляр даследчык падараваў «Рэгіянальнай газеце» падчас урачыстасцяў.

Упершыню ў беларускай даследчыцкай літаратуры Анатоль Рогач зрабіў спробу скласці радавод Адама Гурыновіча, які ўтрымлівае 6 каленаў. Адам памёр рана, пасля таго, як захварэў на «чорную воспу», якой заразіўся ў Петрапаўлаўскай крэпасці ў Cанкт‑Пецярбургу, куды быў зняволены за сваю рэвалюцыйную дзейнасць. Па сабе дзяцей не пакінуў. У сваёй працы Анатоль Рогач паказвае, што Гурыновіч быў не толькі паэтам, збіраў фальклор, але займаўся гаспадарчымі справамі, падаваў надзеі як інжынер. Ён сустракаўся з Францішкам Багушэвічам, якому прысвяціў верш «Дзякуй табе, браце, Бурачок Мацею», знаходзіўся ў ліставанні з даследчыкам фальклору Янам Карловічам.

На заканчэнне дня мясцовыя самадзейныя артысты далі канцэрт. Адным з нумароў яго было выступленне спявачак фальклору Ганны Рогач і Яўгеніі Лукшы. Яны спелі ў тым ліку і песню, якую некалі Адам Гурыновіч запісаў ад мясцовых жыхароў тут, у Зольках: «Чарнаморац морам ездзіць». Загадчыца мясцовай бібліятэкі Зоя Карыба сказала карэспандэнту:

— Песня, запісаная Гурыновічам, амаль без змяненняў дайшла да нашага часу. Можа, якіх пару слоў памянялася.

— У будучым мы плануем зрабіць цэлы канцэрт на песнях, запісаных Гурыновічам, і якія дажылі дзякуючы мясцовым жыхарам у іхніх спевах,— падзялілася з нашым выданнем Валянціна Навасёлак, старшыня Іжанскага сельсавета і самая актыўная ўдзельніца самадзейнасці і адна з арганізатараў мерапрыемстваў у Зольках і Лыцавічах.

Рэгіянальная газета

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0