А.Лукашэнка выказаў падзяку нямецкаму дыпламату за яго працу ў краіне, а таксама зазначыў: «Ведаю, што гэта сустрэча выкліча пэўнае незадавальненне ў некаторых вашых калег у Беларусі, але нам утойваць няма чаго. Удзячны за тую пазіцыю, якую вы займаеце. Ведаю, што вам нялёгка».
Як лічыць прэзідэнт, роля пасла ў краіне знаходжання — наладзіць нармальныя дружалюбныя адносіны сваёй краіны з дзяржавай знаходжання «насуперак усяму». «На вялікі жаль, у заходніх паслоў такога жадання няма», — заявіў ён. Паводле слоў А.Лукашэнкі, у прыватным парадку дыпламаты заўсёды шчыра выказваюцца ў падтрымку таго, што адбываецца ў Беларусі, але калі «мы чуем афіцыйныя заявы некаторых паслоў і бачым іх рэальныя дзеянні, становіцца вельмі сумна».
Прэзідэнт заявіў, што «не зусім разумее» ролю паслоў краін ЕС і ЗША і нават не хоча «гэтага ўтойваць». «Таму я іншым разам рэзка выказваюся, — патлумачыў ён. — Беларусь — суверэнная, незалежная дзяржава і з’яўляецца такой паўтара дзесятка гадоў, гэта таксама не мала. Тое, што мы стабільныя, і тое, што мы нікому ніякіх праблем не ствараем — ні суседзям, ні Германіі, ні Францыі, ні ЗША, — гэта факт. Дык што ім ад нас патрэбна?»