У дзіўнай краіне мы жывем. Вось, напрыклад, захачу я паехаць ва Ўкраіну або ў Расею. Для гэтага дастаткова мець пашпарт і грошы, каб набыць квіток. Але паспрабуйце ўехаць без адпаведных дакумэнтаў на прыгранічную тэрыторыю. Піша чытач з Глыбокага Зьміцер Лупач.

У дзіўнай краіне мы жывем. Вось, напрыклад, захачу я паехаць ва Ўкраіну або ў Расею. Для гэтага дастаткова мець пашпарт і грошы, каб набыць квіток. Калі ехаць на цягніку ў тую ж Расею, вас ня спыняць нават на мяжы, і можна ехаць хоць за Ўрал. Але паспрабуйце ўехаць без адпаведных дакумэнтаў на прыгранічную тэрыторыю. Вам нават квітка ў касе не прададуць. Я працую ў так званай прыгранічнай зоне. Каб атрымаць дазвол на ўезд, мне давялося заплаціць 5,5 тысяч рублёў і чакаць тры тыдні. Прычым выдае такі пропуск асабіста начальнік пашпартнага стала. Якое было маё зьдзіўленьне, калі мне выдалі пропуск на СССРаўскім блянку. Прайшло ж ужо больш за пятнаццаць гадоў, як мы зьяўляемся незалежнай краінай.

Выходзіць, што паехаць за мяжу прасьцей, чым перасоўвацца па сваёй краіне.

Пяцісотгадовы калгас

Пры ўезьдзе на тэрыторыю сельгаскаапэратыву «Верхняе» стаіць знак з датай «1514». Да нядаўняга часу гэта быў калгас імя Чапаева. Але ўтвораны ён быў не ў 1514 г., а ў 1949. Вёска Верхняе сапраўды ўзгадваецца ў 1514 годзе, але ж гэта шыльда ня вёскі, а СВК. Раней на такіх шыльдах ставілі зоркі або серп з молатам, цяпер — крыж. Мода…

Сваё—чужое

У вёсцы Асінгарадок Пастаўскага раёну стаіць каплічка‑помнік жаўнерам Пятра І, якіх пабілі швэды ў часе Паўночнай вайны. Паставілі яго некалькі гадоў таму. Канечне, вайсковыя магілы трэба даглядаць, але гэты помнік воінам іншай дзяржавы, якая вяла вайсковыя дзеяньні на тэрыторыі тады незалежнай Рэчы Паспалітай. І хоць расейскі цар Пётар і польскі кароль тады лічыліся саюзьнікамі, паводзілі сябе царскія войскі далёка не як саюзьнікі. У выніку Паўночнай вайны, якая амаль дзесяцігодзьдзе праходзіла па нашай тэрыторыі і вялася за чужыя інтарэсы, Беларусь страціла траціну жыхароў, была ўзарваная полацкая Сафія. Што маглі рабіць тут «защитники веры православной», калі ў Беларусі тады было 80% уніятаў? І чаму мы так ушаноўваем памяць пра чужых воінаў, а пра сваіх стараемся ў лепшым выпадку не памятаць?

Ужо каторы раз разбураюцца крыжы, што стаяць у памяць слуцкіх паўстанцаў, нішчацца крыжы ў Курапатах, няма помніка землякам, што загінулі ад немцаў пры абароне Кобрына ў верасьні 1939‑га. Сьпіс можна доўжыць. Шмат хто зь беларусаў наогул ня ведае, што пры Пятру мы не ўваходзілі ў склад Расеі. На жаль, наша дзяржава пакуль нічога ня робіць, каб захаваць памяць пра беларусаў, што аддалі сваё жыцьцё за родны край.

«Ім можна красьці, а нам — не»

У сельгаспрадпрыемствах сталі фарбаваць дызэльнае паліва і бэнзін Н‑80. Робіцца гэта для таго, каб спыніць крадзяжы паліва, якія набылі значныя памеры ў сельгас¬прадпрыемствах. Са словаў аднаго з кіроўцаў бэнзавозу, на тры тоны паліва дадаецца каля 40 г фарбы, якая бяс¬шкодная для рухавіка, але па выхлапных газах дазваляе вызначыць, крадзенае паліва ці не. Ужо зьявіліся і першыя пацярпелыя, якія заплацілі немалыя штрафы за тое, што ехалі на фарбаваным паліве.

Мясцовыя «хімікі» спрабавалі зьняць афарбоўку, дадавалі ў паліва і ёд, і марганцоўку і іншыя хімікаты, але пакуль безвынікова. Фарба аказалася вельмі трывушчай.

Цяпер гаспадаркі мала выкарыстоўваюць паліва, асноўны яго расход чакаецца вясной, калі пачнуцца палявыя работы. Тады ж у мінулыя гады рэзка ўзрасталі аб’ёмы крадзяжоў. Раней, каб зарабіць у вяскоўца на бутэльку гарэлкі, трактарысту даводзілася араць «соткі», рызыкуючы пры гэтым патрапіць на вочы начальству. У апошнія ж гады дастаткова было, ні чым не рызыкуючы, прадаць вядро саляркі. На гэтую ж вясну сярод вяскоўцаў ходзяць чуткі, што міліцыянты будуць езьдзіць па вёсках і правяраць, чым запраўленыя прыватныя трактары, што працуюць на ўласных падворках. Гэта вельмі непакоіць вяскоўцаў, бо амаль ніхто на запраўках салярку не купляе.

Найбольш абурае вяскоўцаў тое, што на гарадзкіх прадпрыемствах паліва не фарбуюць. «Трэба пісаць скаргу, а то чаму ім можна красьці, а нам — не», — гаварыў мне знаёмы трактарыст. Тут ужо сапраўды па‑беларуску: калі здохла ў мяне карова, то няхай і ў суседа здохне.

Што ня так?

Рэклямны шчыт «Запчасткі да айчынных аўтамабіляў — ВАЗ, Масквіч, Волга» сустракае вас пры ўезьдзе ў горад Глыбокае. Я апытаў каля двух дзясяткаў чалавек на прадмет таго, ці бачаць яны штосьці дзіўнае ў гэтым шчыце, і толькі двое заўважылі, што расейскія аўтамабілі такія ж замежныя, як і нямецкія або японскія. Выходзіць, шмат хто яшчэ падсьвядома працягвае жыць у СССР.

Наша мясцовасьць да 1939 году ўваходзіла ў склад Польшчы. За няпоўныя два дзесяцігодзьдзі польская дзяржава змагла зрабіць палякамі значную колькасьць нашых грамадзян, якія пасьля засялілі так званыя новыя польскія землі на захадзе. Нашая ж незалежная беларуская дзяржава амаль за такі ж час не зрабіла беларусаў сапраўднымі беларусамі, наадварот, з нас спрабуюць зрабіць нейкіх «бульбашоў». Але ж хочацца спадзявацца, што час усё расставіць на свае месцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?