Гэтым разам Цэнтральная рада арганізацыі праходзіла ў сталічным мікрараёне Серабранка на офісе Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП).
Затрыманыя 32 чалавекі: сярод іх Зьміцер Дашкевіч, Зьміцер Хведарук, Артур Фінькевіч, Наста Палажанка. Спэцназ уварваўся ў офіс БКДП недзе а 13.30
Паўлу Севярынцу, які прысутнічаў на Цэнтральнай Радзе, удалося пазбегнуць арышту.
Цяпер маладафронтаўцы знаходзяцца ў РУУС Ленінскага раёну сталіцы. Зрэшты яны аптымістычна глядзяць на сваё затрыманьне. Да 25 сакавіка застаецца больш чым 15 сутак.
«Хіба ў агульнанацыянальнай дыктоўцы не паўдзельнічаем ды каталіцка-пратэстанцкі Вялікдзень [23 сакавіка] адсьвяткуем на Акрэсьціна», — жартуюць яны.
Нагадаем, што папярэдняе масавае затрыманьне сябраў Цэнтральнай Рады МФ адбылося 16 лютага. Тады на прыватнай кватэры ў в. Заямачнае, што на ўсход ад Менску, былі затрыманыя каля 30 чалавек. Пасьля некалькіх гадзін утрыманьня ў РУУС Менскага раёну тады ўсе былі адпушчаныя без складаньня пратаколаў.
16:55 Усіх, апроч Арцёма Дубскага, адпусьцілі. Арцём жа праходзіць як абвінавачаны па справе аб масавых беспарадках 10 студзеня. Яго павезьлі ў сьледчы ізалятар Менгарвыканкаму.
Пазьней стала вядома, што Арцёма Дубскага дапыталі як абвінавачанага і адпусьцілі вечарам 9 сакавіка.