Пікеты, зборы подпісаў, нарады, кансультацыі, пэрформансы… Усё было, але найчасьцей — безвынікова. У нас цяпер што ні пішы, ні крычы — нічога. Пад экскаватар кладзіся — пераедзе ды не заўважыць.

Сёньня лёгка жыць толькі з завязанымі вачыма, у сваіх мроях, у «залюстроўі». А ў каго мрояў няма, таму хутчэй трэба даць набор віртуальных «кампутарных прыставак» (чым тэлебачаньне не такая прыстаўка), каб камфортна пачувацца.

Але ж азірнемся навокал. Толькі тое, што цяпер, толькі тое, што навідавоку ў менчукоў, — прыводзіць у здранцьвеньне і роспач. Жахаесься і ад маштабнасьці, і ад цынізму ды неадступнасьці, зь якой крочаць гэтыя тэрмінатары па гістарычным Менску, па тых рэштках старога. Але самае страшнае — абыякавасьць і неразуменьне людзей. Толькі тады, калі гэта жыцьцёва кранае іх — яны ажываюць і пачынаюць дзейнічаць, як зварухнуліся жыхары вуліцы Маркса.

«Пацёмкінская, Бубноўская, Фасадная, Экскаватарная рэстаўрацыя» — якія толькі паняткі ні прыдумвалі неабыякавыя спэцыялісты, каб назваць гэтую праблему. Мне здаецца, тут трэба паставіць дыягназ: «Духоўная анэмія ў спалучэньні зь цемрашальскім невуцтвам». Менавіта гэта галоўныя ворагі нашай спадчыны — халодная абыякавасьць і страта адчувальнасьці, дрымучая непісьменнасьць, цемра народная. Праблема ня новая. Вялікі Багдановіч з абурэньнем пісаў: «Народ, беларускі народ! Ты — цёмны, сьляпы, быццам крот. Табою ўсягды пагарджалі, Цябе не пушчалі зь ярма І душу тваю абакралі, — У ёй нават мовы няма». А ў іншым вершы, з болем: «Краю мой Родны!… Столькі ты зносіш нядолі… Жалем сьціскаюцца грудзі!… Усюды панурыя людзі…».

Але ўзьнёсла‑мажорна пісаў клясык калісьці пра нашу архітэктурную спадчыну: «Каб залячыць у сэрцы раны, Забыць пра долі цяжкі глум, Прыйдзіце да касьцёла Ганны, Там зьнікнуць сьцені цяжкіх дум». А яшчэ: «Толькі ў сэрцы трывожным пачую За краіну радзімую жах, — Ўспомню Вострую Браму сьвятую І ваякаў на грозных канях…». Эх, дарагі Максіме! Чароўны віленскі касьцёл сьв. Ганны ды Вострая Брама цяпер апынуліся за мяжой (можа, таму яшчэ і стаяць), а тут у нас ужо іншая гісторыя. Тут забылі, адракліся, прадалі і аддалі…

Толькі пералік разбурэньняў за апошні час у Менску ўражвае: амаль цэлы квартал паміж Нямігай і Рэвалюцыйнай альбо ўжо катэджызаваны, альбо «ў працэсе». Уся вуліца Гандлёвая (усё ж, сымбалічная назва) у тым жа «працэсе». Мала што засталося ад дому былога кляштару бэрнардынак у пачатку цяперашняй вуліцы Кірыла і Мятода, што стаіць тут яшчэ з раньняга барока. Дый наагул, той кляштар, яго аб’ёмы і абрысы мы ўжо слаба бачым у панараме старога гораду, прынамсі, з боку Сьвіслачы: яго закрылі новенькія корпусы будучай праваслаўнай Духоўнай акадэміі. Для яе патрэбаў перадалі таксама дом № 27 па Гандлёвай, што выходзіць на Нямігу каля тралейбуснага прыпынку. Неўзабаве ён быў разбураны «до основанья, а затем…», канечне, «адноўлены» з зашклёным лесьвічным пралётам у стылі «Нацыянальнага дыямэнту». А хутка ўсё гэта хараство ўпрыгожыць, не — укарануе залацістая цыбулінка, як сымбаль неўміручай інтэграцыі. Ня важна, што гэта зусім не беларускі элемэнт праваслаўнай храмавай архітэктуры. А мо наадварот — важна! Для генэрал‑губэрнатара Мураўёва, прынамсі, так было. Памятаеце ягоныя словы: «Што не зрабіў расейскі штых, тое зробіць расейская царква і школа».

Да дзьвюх антыбеларускіх інстытуцыяў Мураўёва можна дадаць сёньня яшчэ і трэцюю — ужо нашу, айчынную — «рэстаўрацыю». І што казаць пра Менск. А Горадня, а … Апатэозам рэстаўрацыі нядаўна стала поўнае разбурэньне корпусу‑галерэі Нясьвіскага замку, адной з асноўных і найцікавейшых у мастацкім і гістарычным пляне частак палацу Радзівілаў, найважнейшага помніка гісторыі і культуры Беларусі, помніка сапраўды сусьветнага значэньня. No comments! Толькі што скажа ЮНЭСКА? Няўжо павесіць ганаровую шыльдачку на тую адзіную фасадную сьценачку звонку, якая яшчэ пакуль засталася, каб сорам прыхаваць?

Што ж стаіць за такімі фасадамі? Анічога! Асабліва красамоўна гэта выглядае падчас вялікай айчыннай рэстаўрацыі. Хацеў сказаць — «вайны» (так выглядае і такія наступствы мае), але ж тут не вайна. «Рэстаўрацыя»! Ужо потым, калі ўжо адбудаваны з нуля бяздушны муляжык — ня так уражвае. Стаіць нейкі аб’ём са шклопакетамі, адчуваецца, што нешта ня тое, няма духу старога места, чагосьці бракуе. Але звычайнаму чалавеку цяжка разабрацца — чаго. Адчуваньне толькі ёсьць, што гэта падробка, што цябе падманваюць! Толькі прафэсіяналы або людзі неабыякавыя ведаюць ці адчуваюць усю велічыню стратаў той аўтэнтыкі, якая больш ніколі ня вернецца.

Людзі Беларусі! Падыдзіце ў гэтыя дні да дому В. Дуніна‑Марцінкевіча ў Менску на вул.Койданаўскай (Рэвалюцыйнай). Ушануйце клясыка айчыннай літаратуры якраз на ягонае 200‑годзьдзе! Ускладзіце кветкі ці вянкі ў памяць пра дом пісьменьніка ў той катлаван, што на яго месцы. (А во пэрформанс быў бы, Алесь Пушкін пазайздросьціць.) Палова будынку № 14 ужо адноўленая, а палова «ў працэсе», разам з суседнім будынкам № 12. Раней падобнае здарылася з домам яшчэ аднаго беларускага клясыка XIX ст., сябра Дуніна‑Марцінкевіча — кампазытара Станіслава Манюшкі.

Палюбуйцеся на ўжо «адноўленыя» шэдэўры Верхняга гораду, «старасьвецкія» шклопакеты ды вытанчаныя «ляпныя» гзымсы ў барочнай (прабачце, барачнай) тэхніцы муроўкі «цэгла на цэглу», то бок цапу‑лапу. А яшчэ ж у 1950‑я ў Менску былі прафэсіяналы, што хораша «цягнулі» гзымсы — паглядзіце на будынкі праспэкту Скарыны ды іншыя, з «гораду СОНца». Умелі і рабілі! Сапраўды зь любоўю будавалі сваю мару, свой горад (згодны з фотамастаком і пісьменьнікам Артурам Клінавым).

ПадСУМоўваючы свае развагі, скажу, што ўжо даўно насьпеў час у Беларусі ўзнагароджваць у галіне рэстаўрацыі. Канечне, можна нават і мэдалём Ф.Скарыны. Яму ўсё роўна ўжо не баліць. І намінантаў будзе шмат.

Толькі на зваротным баку мэдаля прапаную прыгожа выгравіраваць экскаватар — галоўны інструмэнт «рэстаўратараў», альбо маляўнічую руіну фасаду з разяўленай ямай унутры, дзе нічога, дзе ўсё вырвана з падмуркам, з коранем, з сэрцам. А яшчэ можна там выгравіраваць сьпіс адрэстаўраванай, чытай — зьнішчанай за апошні час, спадчыны. Але ж вялікі будзе сьпіс! Ну і мэдаль, адпаведна, таксама вельмі вялікі.

Аляксей Фралоў — краязнаўца, музыка, удзельнік кампаніі ў абарону старога Менску.

Фота аўтара

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0