Беларусь вачыма карэспандэнткі найбуйнейшага брытанскага тэлеканалу, якая пагутарыла ня толькі з апазыцыянэрамі, але і з функцыянэрамі.

«Апошняя дыктатура Эўропы» — такую досыць неарыгінальную назву мае дакумэнтальны фільм пра Беларусь, зьняты тэлекампаніяй Бі‑Бі‑Сі. Паглядзець яго можнаклікнуўшы па гэтай спасылцы. Для тых, хто ня мае магчымасьці глядзець відэа, мы падрыхтавалі агляд відэарэпартажу Бі‑Бі‑Сі.

«Многія краіны былога СССР зьмяніліся радыкальна, але Беларусь, здаецца, застрала ў часе», — кажа журналістка Люсі Эш у той час, як па экране ідуць кадры, зьнятыя з гатэлю «Юбілейны». Ранішні Менск выглядае як пустэльня. Небазнаны замежнік можа вырашыць, што ў нас на вуліцах няма ні машынаў ні людзей.

Першае інтэрвію — з Ганнай, актывісткай БРСМ, якая ў сваім небагатым студэнцкім пакойчыку рыхтуецца да ўдзелу ў парадзе 3 ліпеня. Старанна, нібы тэму на іспыце, Ганна тлумачыць, што «гэта сапраўды вялікае сьвята для нашай краіны», бо 3 ліпеня Беларусь была вызваленая ад фашызму.

«Ці вы дагэтуль так шмат думаеце пра гэтыя падзеі?» — зь лёгкім зьдзівам пытаецца журналістка. «Гэта асабліва складана для мяне, у мяне дзед загінуў», — адказвае дзяўчына, ня ў сілах стрымаць раптоўныя сьлёзы. — «Гэта… у яго памяць… Для яго». «It’s ok», супакойвае карэспандэнтка дзяўчыну, пакуль тая змахвае сьлязіны, але гутарка ўжо ня клеіцца: ад нечаканага наплыву пачуцьцяў Ганна ледзь можа размаўляць.

«Вайна пакінула глыбокія сьляды ў псыхалёгіі беларусаў, стварыўшы адчуваньне пэрманэнтнай нестабільнасьці», — кажа журналістка, назіраючы за парадам. Недзе там выступае Ганна — шрубік у ідэалягічнай машыне. «БРСМ — гэта абноўленая вэрсія камсамолу», — тлумачыць Люсі Эш, пакуль па экране скочуць гімнасты ды лятуць гелікоптэры. Але раптам вялізная далонь ахоўніка захінае аб’ектыў камэры: апэратар ВВС паспрабаваў быў зьняць браніраваныя «мэрсэдэс», у якіх Лукашэнка з’язджае з параду, прысьвечанага выгнаньню фашыстаў.

Увечары журналістка знаходзіць Ганну ў натоўпе людзей, якія назіраюць за фэервэркам.

Выбух, які адбыўся незадоўга пасьля гэтага, журналісты зьняць не пасьпелі. Затое адразу пасьля таго, як пачынаюцца арышты, Люсі Эш скіроўваецца зь Нінай Шыдлоўскай на пошукі яе мужа, Міраслава Лазоўскага. Потым апэратар Бі‑Бі‑Сі цудам прасьлізгвае ў суд, дзе ідзе працэс над маладой апазыцыянэркай Палінай. Пасьля вызваленьня Паліна едзе на лецішча, дзе сям’я зьбіраецца разам. «Маладзец!» кажа бацька, цалуючы дачку. «Павінен нехта змагацца, але калі ня мы — то хто?» — кажа Павал, брат Паліны, і, разам з журналістамі скіроўваецца на дах панэльнага дому, дзе вывешвае эўрапейскі ды нацыянальны сьцягі.

Спускаючыся з даху, Павал нават чапляе свой уласны замок на клетцы, якая вядзе на дах — каб перашкодзіць тым, хто будзе здымаць сьцяг. «Хітра. Але ці гэта эфэктыўна?» — запытваецца скептычная карэспандэнтка. — «Многія ігнаруюць такія пратэсты як непатрэбныя. Беларусь зьнешне не падобная да паліцэйскай дзяржавы». На адной зь менскіх будоўляў Люсі Эш сустракаецца з амбітным функцыянэрам БРСМ. Як і варта было чакаць, той распавядае журналістцы пра стабільнасьць, моцную дзяржаву, і апазіцыю, якая смокча грошы з Захаду.

Дарэчы, Люсі Эш здолела адшукаць цэлы лясны лягер апазыцыі. Гэта летнік хрысьціянаў веры Эвангельскай, тых самых, якіх спрабуюць пазбавіць будынку царквы ў Менску.

«Калі людзі разам, то ўрад нас пабойваецца, але калі людзі насамоце, то ўрад ня мае страху перад імі, — на цудоўнай ангельскай зь мяккім амэрыканскім акцэнтам кажа журналістцы Караліна, 14‑гадовая дачка пастара. — Усё можна зьмяніцца за адну ноч».

«Магчыма, Лукашэнка так доўга пратрымаўся ва ўладзе таму, што апазыцыя падзеленая. А можа быць і таму, што сьвет лічыць, што беларускімі справамі мусіць займацца найперш Расея. Як бы там ні было, але апошні дыктатар Эўропы не зьбіраецца здавацца ў бліжэйшай будучыні», — робіць выснову журналістка.

Цікава таксама пачытаць і паслухаць радыёрэпартаж Бі‑Бі‑Сі зь Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?