Аляксей Чарапанаў
Аляксей Чарапанаў
Інцыдэнт, што адбыўся ў панядзелак за тры хвіліны да сканчэньня матчу рэгулярнага першынства КХЛ паміж омскім «Авангардам» і падольскім «Віцязем», шакаваў сьвет. На лаўцы запасных омскай каманды нечакана згубіў прытомнасьць 19‑гадовы хакеіст Аляксей Чарапанаў. Спынілася сэрца.
У разьдзявальню яго несьлі на руках чатыры чалавекі. А яшчэ празь дзьве гадзіны ўрачы канстатавалі сьмерць аднаго з самых таленавітых расейскіх гульцоў.
«Дарослыя мужыкі плакалі ля гасьцявога ўваходу чэхаўскай арэны.
З сьціснутых вуснаў вырывалася мальба: «Лёшка, трымайся. Мы з табой. Мы верым у цябе, Лёшка!» Ярамір Ягр у хакейным швэдры і на каньках за пару хвілін да гэтага крычаў на ўсю вуліцу, калоцячы кулакамі: «Лёшка, ачуняй!» А потым — прыціскаўся да сьцяны. Чырвоныя вочы чэх хаваў за чорным чубам», — пісаў карэспандэнт «Спорт‑экспрэсу» з Чэхава.

Выданьне адзначае, што ў мэдыкаў, якія прыбылі на арэну, не аказалася з сабой электрашоку, а ўколы адрэналіну і масаж грудной клеткі не дапамаглі. Дарэчы, на наступны дзень невядомыя зьбілі тых мэдработнікаў.

Сьледчыя адразу пачалі праверку сьмерці хакеіста. Паводле іх,

хлопец пакутаваў на ішэмічную хваробу сэрца, але працягваў гуляць у хакей.

У самым «Авангардзе» падобныя зьвесткі абвяргаюць, кажучы, што Чарапанаў быў абсалютна здаровым чалавекам. Прычым, хакеісты каманды пастаянна праходзяць мэдычныя абсьледаваньні, а скаргаў на здароўе таксама не паступала.

Аляксей Чарапанаў нарадзіўся 15 студзеня 1989 году ў Алтайскім краі.

Ужо ў трохгадовым узросьце бацька прывёў хлопца ў хакейную сэкцыю.
Зрэшты, Барнаул ніколі ня быў хакейнай Мэкай, таму ў хуткім часе Аляксей быў вымушаны пераехаць у Омск. Ужо тады Чарапанаў рыхтаваўся да таго, каб стаць гульцом «Авангарда».

І гэта хлопцу ўдалося. Прычым, абсалютна бліскуча. Ужо ў семнацаццігадовым (!) узросьце Чарапанаў прабіўся ў асноўны склад «ястрабаў». Дарэчы, там тады ён зьяўляўся аднаклюбнікам нашага Аляксея Калюжнага. У тым сэзоне «Авангард» заваяваў бронзавыя мэдалі, а Чарапанаў быў прызнаны найлепшым маладым хакеістам сэзону.

Газэты не спынялі параўноўваць нападніка «Авангарда» з ужо зорнымі, але такімі самымі маладымі Аляксандрам Авечкіным і Яўгенам Малкіным. Некаторыя лічылі, што Чарапанаву нават па сілах пераўзысьці іхныя посьпехі.

Баяліся толькі, каб хлопец не падхапіў «зорную хваробу». На што Аляксей адказваў: «Я яшчэ нічога толкам ня выйграў, занадта малады, каб узносіцца да нябёсаў. Стараюся аб’ектыўна ацэньваць свае сьціплыя посьпехі. Камплімэнты спэцыялістаў, натуральна, прыемныя, але галавакружэньня няма».

Аляксей насамрэч атрымліваў кайф ад гульні, пра што падкрэсьліваў у кожным інтэрвію. У вольны час ён гуляў у кампутарныя гульні ці сядзеў у інтэрнэце. На начныя клюбы, па ўласнаму прызнаньню, часу не хапала.

Бацька Аляксея стараўся цягніком прыяжджаць на кожную гульню сына ў Омску. «Для яго пераадолець 15—16 гадзін у адзін бок — не праблема. Сапраўдны герой», — казаў хлопец.

Летась Чарапанаў стаў пераможцам юніёрскага чэмпіянату сьвету. Яго ў першым раўндзе драфту выбраў славуты клюб НХЛ «Нью‑Ёрк Рэйнджэрс». Але за акіян Аляксей пераяжджаць не сьпяшаўся, бо яшчэ ня выйграў «золата» разам з «Авангардам».

За дзень да сьмерці галоўны трэнэр зборнай Расеі Вячаслаў Быкаў назваў Аляксея Чарапанава сярод 47 прэтэндэнтаў на трапляньне ў склад галоўнай каманды краіны.

Сьмерць на спартовай пляцоўцы ўжо нікога не зьдзіўляе. Нешта падобнае чатыры гады назад здарылася і ў беларускай сталіцы.
Падчас гульні адкрытага першынства краіны між «Дынама» і «Рыгай‑2000» кепска стала форварду гасьцей Сяргею Жаўтку. Хакеіст накіраваўся ў разьдзявальню, але страціў прытомнасьць. Выратаваць яго мэдыкі не змаглі.

Год назад беларуская хакейная супольнасьць разьвітвалася з адным з найбольш таленавітых айчынных хакеістаў. У Чалябінску падчас адпачынку загінуў 21‑гадовы Аляксей Савін, якога зьбіў аўтамабіль.

Пасьля здарэньня з Аляксеем Чарапанавым усё актыўней пачалі гаварыць пра камэрцыяналізацыю спорту. Цяжка зразумець, як чалавек з хворым сэрцам мог выходзіць на хакейныя пляцоўкі?

Пахаваюць Аляксея Чарапанава 15 кастрычніка ў Омску.

***

У Аляксея Чарапанава было ў тры разы павялічанае сэрца і ў пяць разоў павялічаная селязёнка ў параўнаньні з нормай, заявіў міністар аховы здароўя Падмаскоўя Ўладзімер Сясёнаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?