Суд Ленінскага раёну Горадні прызнаў мясцовых актывістаў вінаватымі ў дробным хуліганстве і непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі і пакараў іх на агульную суму ў памеры $1тыс.

13 лістапада адбыўся суд над актывістам незарэгістраванага руху «За Свабоду!» Эдвардам Дмухоўскім, краязнаўцам Ігарам Лапехам і актывісткай Надзей Крапівінай, якія 16 кастрычніка гэтага году былі затрыманыя за спробу перашкодзіць высяканьню грабаў. Затрыманьнем кіраваў маёр Сяргей Вечар. У пачатку кастрычніка мясцовыя жыхары спынілі былі незаконнае высяканьне занесеных ў Чырвоную кнігу дрэваў.

Э.Дмухоўскі быў прызнаны вінаватым у дробным хуліганстве і быў пакараны штрафам у памеры 5 базавых велічынь (175 тыс. руб.). І. Лапеху і Н. Крапівіну суд палічыў вінаватымі акрамя таго і ў непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі, у выніку чаго яны атрымалі штрафы ў 30 б.в. (1.050 тыс.) і 25 б.в. (875 тыс.) адпаведна. Вяла працэс судзьдзя Козел.

Варта адзначыць, што суд над гарадзенскімі актывістамі адбыўся толькі празь месяц пасьля інцыдэнту. За гэты час на падзеі адрэагаваў Гарадзенскі абласны камітэт па ахове прыродных рэсурсаў. В.а. кіраўніка Камітэта Г.В.Казак прызнаў сьпілоўваньне дрэваў на аснове Акту, падпісанага 23 кастрычніка 2007 году, законным, аднак прызнаў, што гарадзкія зелянгас насуперак патрабаваньням заканадаўства не паінфармаваў пра свае намеры грамадзянаў. Пра «праблемы і непаразуменьні з азеляненьнем у Горадні» адгукнулася нават «Советская Белоруссия».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?