У зьвязку з карупцыйным скандалам вакол пракурора Сьнегіра кіраўнік фірмы, якая прадала пракурору 200-мэтровую кватэру па заніжанай цане, скіраваў у СМІ ліст. У ім ён раскрывае некаторыя факцікі зь дзейнасьці гр. Сідаровіча і беларускага бізнэсу.

18 лістапада ў рэдакцыю парталу tut.by прыйшоў ліст ад старшыні праўленьня АТ «Swe Bel Partner AB» Анатоля Зубоўскага. Кіраўнік прадпрыемства паведаміў, што накіраваў звароты ў Адміністрацыю прэзыдэнта і Рэспубліканскую пракуратуру ў зьвязку з падзеямі, пра якія стала вядома на мінулым тыдні на нарадзе па пытаньнях карупцыі.

Нагадаем, на нарадзе 13 лістапада Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў вызваліць ад займаных пасадаў пракурора Менскай вобласьці Міхаіла Сьнегіра і намесьніка генэральнага пракурора Мікалая Купрыянава, а таксама распачаць на іх крымінальныя справы. Прычынай такога рашэньня прэзыдэнта стала зьдзелка па набыцьці ўжо былым пракурорам вобласьці нерухомасьці ў цэнтры Менску. Сьнягір, распавёў прэзыдэнт, набыў 5‑пакаёвую кватэру за 156 млн. рублёў, пры гэтым да 2024 году на гэтую кватэру дзейнічала дамова арэнды паміж «SWE BEL Partner AB» і супрацоўнікам згаданай фірмы У.Сідаровічам. Сідаровіч нібыта судзіўся са Сьнегіром, але нічога ня высудзіў праз тое што судзьдзі, са словаў Лукашэнкі, узгаднялі свае дзеяньні праз тэлефон з тым самым Сьнегіром.

Вось што сказаў Анатоль Зубоўскі:

— Мне крыўдна і балюча, што праз нашы адносіны з Сідаровічам пацярпелі людзі. І бачыў Сьнегіра толькі раз у сваім жыцьці — 15 гадоў таму… Я магу пацьвердзіць, што ён цалкам разьлічыўся з намі, заплаціў фірме 250 тысяч даляраў… Кожнае сваё слова я магу пацьвердзіць дакумэнтамі, за подпісамі Уладізмера Сідаровіча. А Сідаровіч — зусім не такая «бедная авечка», як пра яго кажуць, — распавёў А.Зубоўскі.

Старшыня праўленьня АТ «Swe Bel Partner AB» растлумачыў, што кіраўніцтва вырашыла прадаць кватэру, каб выйсьці з складанага фінансавага становішча, у якім апынулася фірма менавіта зь віны Ўладзімера Сідаровіча. Пры гэтым самому Сідаровічу кіраўніцтва фірмы неаднойчы прапаноўвала прадаць кватэру за 150 тысяч даляраў, пры тым, што яе рынкавы кошт складаў 500 тысяч даляраў ЗША.

Цяпер А.Зубоўскі знаходзіцца па‑за межамі Беларусі — «з прычынаў, якія тычацца толькі мяне і маёй сям’і». Паводле словаў Зубоўскага, У.Сідаровіч знаходзіцца ў Беларусі, але ягонай асобай «чамусьці ніхто не цікавіцца».

Як паведаміў А.Зубоўскі, АТ «Swe Bel Partner AB» цяпер знаходзіцца ў стадыі ініцыяванага банкруцтва.

А вось тэкст звароту Анатоля Зубоўскага, накіраванага прэзыдэнту і генпракурору:

«Паважаны спадар Прэзыдэнт!

Зьвяртаюся да Вас у сувязі з Вашым выступам па пытаньнях барацьбы з карупцыяй у сілавых структурах ад 13 лістапада гэтага году.

Я, Зубоўскі Анатоль Сьцяпанавіч, з 1994 году і да цяперашняга часу — старшыня праўленьня фірмы АТ «SWE BEL Partner AB». Я працаваў сумесна з спадаром Сідаровічам У. у фірме АТ «SWE BEL Partner AB» з 1995 да 2002 год. Увесь гэты час Сідаровіч зьяўляўся ня проста шараговым супрацоўнікам на пасадзе фінансавага дырэктара, але і яе ўласьнікам. Яму належала 40% акцыяў АТ «Swe Bel Partner AB» і ўсіх іншых фірмаў, што ўваходзяць у холдынг.

У сьнежні 2001 году сп. Сідаровіч па ўласным жаданьні выйшаў зь бізнэсу і атрымаў 40% усіх актываў холдынгу, каля 20 000 000 даляраў ЗША, у тым ліку:

Офіс у Маскве, паліграфічную фабрыку ў Санкт‑Пецярбургу, фірму па рамонце нафтавых сьвідравін у Цюмені, дзьве кватэры ў Маскве, тры кватэры ў Менску, акцыі фірмаў на Кіпры і ў Аўстрыі, завод па вытворчасьці мэтызаў у Літве і іншыя актывы. У студзені 2002 году ў выніку ўнутранай праверкі было ўстаноўлена, што сп. Сідаровіч, зьяўляючыся фінансавым дырэктарам, перавёў 8 000 000 даляраў ЗША з рахунку холдынгу па невядомых бескантактных адрасах. У сувязі з гэтым падзел холдынгу быў прыпынены, пачаліся судовыя разьбіральніцтвы, якія ідуць і зараз. Так, у прыватнасьці, зараз на Кіпры разглядаецца зыск да сп. Сідаровіча на суму 24 500 000 даляраў ЗША, прыўлашчаных ім асабіста і фірмай «Fagapito — LTD».

Кватэра, у якой, як Вам даклалі, пражываў «бедны супрацоўнік» Сідаровіч была перададзеная яму ў арэнду. Пачынаючы з 2002 году і да траўня 2007 яму неаднойчы прапаноўвалася набыць гэтую кватэру за 150 000 даляраў ЗША, але ён гэта рабіць адмовіўся, відаць таму, што ад «беднасьці» сваёй пабудаваў катэдж у раёне вадасховішча «Пціч», прыўласьціў незаконна яшчэ адну кватэру ў тым самым доме, якую прадаў.

У сувязі з вышэйвыкладзенымі абставінамі, у траўні‑чэрвені 2007 году гэтая кватэра была прададзеная сп. Сьнегіру М. за 535 млн. беларускіх рублёў (у эквіваленце 250 000 даляраў ЗША). Грошы былі атрыманыя ад пакупніка ў поўшым аб’ёме.

Не ў маёй кампэтэнцыі разьбірацца і ацэньваць ступень карупцыі, удзел у ёй канкрэтных асобаў, я проста хачу зьвярнуць Вашую ўвагу на тое, што пададзеная Вам інфармацыя па кватэры сп. Сідаровіча хлусьлівая і падманлівая. Менавіта той, хто Вам яе падаў, магчыма, атрымаў ад «бедняка» Сідаровіча салідны «куш».

Мэта майго звароту адна: калі Вы будзеце зацікаўленыя ў праўдзе па гэтым пытаньні, прашу Вас даручыць незацікаўленым і прыстойным людзям разабрацца ў гэтым. Са свайго боку я гатовы падаць усю неабходную інфармацыю.

З павагай!

Старшыня Праўленьня АТ «Swe Bel Partner AB» Анатоль Зубоўскі»

Паводле інфармацыі «Белорусского партізана» Сідаровіч у мінулым працаваў у КДБ. А вось Зубоўскі быў да 1991 году дырэктарам Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу. У той час ён быў таксама дэпутатам Вярхоўнага Савету.

tut.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0