Працягваецца грамадзкая кампанія па беларусізацыі аднаго з апэратараў мабільнай сувязі МТС. Пра хаду кампаніі расказвае адзін зь яе каардынатараў Іван Шыла з Салігорску.

«Наша Ніва»: На якім этапе зараз знаходзіцца кампанія па беларусізацыі МТС?

Іван Шыла: Ад самага пачатку плянавалася, што кампанія будзе мець два этапы — інфармацыйны і актыўны. На першым этапе нам была важная згадка пра кампанію ў СМІ, пра тое, што зьявілася такая вось ініцыятыва. Збольшага гэтага дамагліся. На другім — будзем зьбіраць подпісы, перадаваць іх да кіраўніцтва МТС. У выпадку адмоўнага адмоўнага адказу — будзе судовы прэцэдэнт. Ня так даўно пачаў працу адмысловы сайт «За МТС па-беларуску». Там апавядаецца пра нашу дзейнасьць, там жа можна раздрукаваць адмысловыя блянкі, ёсьць падрабязная інструкцыя як іх запаўняць і куды трэба дасылаць. Спадзяёмся таксама на онлайнавую актыўнасьць людзей, што яны будуць ставіць подпісы і дасылаць лісты па інтэрнэце.

«НН»: Ці пачаўся збор подпісаў, колькі плянуеце сабраць?

ІШ: У Менску ўжо пачаўся. Бліжэйшым часам пачнецца і ў рэгіёнах. Да Новага году зьбіраемся сабраць пяць тысяч подпісаў. Гэта ня многа. Проста каб засьведчыць, што такая праблема існуе. Мы ўжо праводзілі ў Салігорску кампанію па беларусізацыі грамадзкага транспарту. Хачу сказаць, што людзі любяць беларускую мову і з радасьцю гатовыя падпісацца за падобныя ініцыятывы. Яны кажуць, што самі яшчэ не гатовыя перайсьці на беларускую мову, але з радасьцю нас падтрымаюць. Падчас пікету ля галоўнага будынку МТС у Менску я пасьпеў да затрыманьня падысьці да чатырох чалавек. Трое падпісалася.

«НН»: Ты верыш у перамогу кампаніі?

ІШ: Так, абсалютна. МТС даражыць сваёй дзелавой рэпутацыяй, калі недзе зьяўляецца інфармацыя, што прадпрыемства ня хоча ісьці на саступкі карыстальнікам, то гэта не дадае ёй станоўчага іміджу. Раней кіраўніцтва МТС пісала нам, што ў адпаведнасьці з артыкулам 17 Канстытуцыі яны могуць выкарыстоўваць любую дзяржаўную мову. На днях жа атрымалі ліст з зусім іншай танальнасьцю, дзе адзначалася, што апэратар разглядае мэтазгоднасьць нашага патрабаваньня, а таксама разглядаюцца варыянты, што можна зрабіць з тэхнічнага боку. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, МТС гатовы прыняць нашы ўмовы.

«НН»: А што рабіць з іншымі апэратарамі?

ІШ: Мне здаецца, калі нам атрымаецца дамагчыся беларусізацыі МТС, то VELCOM сам прапануе сваім карыстальнікам падобныя паслугі. Гэта ж канкурэнцыя і ніхто прайграваць тут ня хоча.

«НН»: У якіх сфэрах яшчэ можна дамагацца беларусізацыі?

ІШ: Іх мноства. Узяць хаця б у прыклад наш прыклад зь беларусізацыяй грамадзкага транспарту, ці гомельчука Сяргея Сямёнава, які дамогся таго, каб мытныя блянкі на мяжы былі па‑беларуску. Мне здаецца ня варта проста ставіць нейкіх глябальных задач. Напрыклад, каб увесь Менаблвыканкам гаварыў па‑беларуску. Трэба ставіць канкрэтныя прыземленыя задачы, якія магчыма рэалізаваць. Важным фактарам таксама зьяўляюцца выканаўцы кампаній, ад іхнай мэтанакіраванасьці і залежыць посьпех праекту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?