На дазволены гарадскімі ўладамі пікет на сцэнічнай пляцоўцы плошчы Бангалор сабралася некалькі дзесяткаў чалавек з усёй краіны. Пераважную большасць пікетоўшчыкаў складалі жанчыны.

Людзі трымалі транспаранты з надпісамі «Прэзідэнт — гарант Канстытуцыі», «Карупцыя чыноўнікаў — пагроза бяспецы краіны», «Кругавая парука чыноўнікаў — бяспраўе народу», «Патрабуем ад чыноўнікаў выканання Канстытуцыі і законаў краіны» і г.д.
Некаторыя ўдзельнікі пікету трымалі ў руках ксеракопіі газетных артыкулаў, напісаных паводле іх жыццёвых гісторый.

Быў на Бангалоры і Васіль Хадзькоў, якога ў чацвер паводле пастановы суда з прымяненнем грубай сілы выселілі з ўласнага дому.

Галіна Юбко, жыхарка мінскай Серабранкі, якая пяты год дабіваецца паўнавартаснага і справядлівага следства па факце смерці яе сястры Кацярыны, распавяла, што крымінальную справу аднавілі ў трэці раз. На пікет прыйшлі людзі з самымі рознымі праблемамі — маці ветэранаў Афганістану, чарнобыльцаў, ахвяры жыллёвых махінацый.

Напрыканцы акцыі прысутныя падпісаліся пад адкрытым зваротам да прэзідэнта краіны, чатырнаццатым па ліку. У ім выказваецца недавер да кіраўніцтва Вярхоўнага суду і Генеральнай пракуратуры, гаворыцца пра кругавую паруку і карупцыю, якія «з’яўляюцца адной з прычынаў беззаконня, што адбываецца ў органах судоў і пракуратуры». Лукашэнку, калі ён насамрэч збіраецца аднавіць правы пакрыўджаных, прапануецца змяніць кіраўніцтва ВС і ГП.

«Па грошы мы звяртаемся да Захаду, дык можа запросім заходніх спецыялістаў, каб яны ўладкавалі наша жыццё ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь?» — такім пытаннем заканчваецца зварот жанчынаў да прэзідэнта.

Галоўным вынікам кампаніі, што аб’яднала жанчынаў з усёй Беларусі, мяркуе юрыст Тамара Сяргей, на дадзеным этапе стала тое, што яны самі зразумелі сутнасць праблемы, з якой сутыкнуліся. А менавіта — са сталым парушэннем правоў грамадзянаў у судах і органах пракуратуры. Група жанчынаў — сваячак асуджаных, а таксама нязгодных з рашэннямі судоў па сваіх грамадзянскіх справах, налічвае больш за паўсотні чалавек. Дзякуючы іх актыўнасці, гэтая колькасць увесь час павялічваецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?