Парэшткі згарэлых старажытных скульптураў.

Фота svaboda.org

за маўчаньне ксяндзоў падчас вандальнай рэканструкцыі Горадні? Вэрсіі пажару ў Фарным касьцёле разглядае Ірына Чарняўка.

Найкаштоўнейшы помнік эўрапейскага барока, унікальны 300-гадовы аўтар Фарнага касьцёлу сьв. Францішка Ксавэр’я ў Горадні гарэў у ноч на 13 ліпеня. Імаверная прычына пажару – замыканьне электраправодкі, кажуць спэцыялісты МНС. Гарадзенцы гавораць, што гэта – божая кара за вандальную «рэканструкцыю» Савецкай плошчы.

Пажар заўважыў начны вартаўнік касьцёлу. Каля 3-й ночы ён пачуў трэск у храме – увайшоўшы, убачыў, што агонь зьядае драўляныя скульптуры галоўнага аўтара. Пажарнікі прыехалі празь пяць хвілінаў, але правую частку аўтара выратаваць не ўдалося. Зьнішчаныя калёны і чатыры скульптуры: тры зь дзесяці апосталаў у ніжнім ярусе і сьвяты ў другім ярусе. Некаторыя іншыя элемэнты абгарэлі альбо растрэскаліся.

«Ня ведаю як ацаніць тое, што мы страцілі, ацаніць гэта немагчыма! – камэнтуе краязнаўца Алесь Госьцеў. – Ведаеце, як кажуць: вор крадзе, але пакідае сьцены, пажар не пакідае і сьценаў. Жудасная страта! Добра, што ня ўвесь аўтар згарэў».

Галоўны аўтар загарэўся з правага краю, прыкладна ля другой скульптуры. Людзі кажуць, што выглядала так, нібы полымя імкнецца ад аўтара ў галоўную частку храму. Відавочна, што такі дзіўны эфэкт стварыла сама дугавая форма аўтара, ды і тое, што звод цэнтральнай абсыды быў ніжэйшы за цэнтральны купал – і стваралася своеасаблівая цяга, якая не дала агню ахапіць увесь аўтар. «Бог ратаваў, – гавораць прыхаджане і дадаюць: – Сьпярша пакараў – а затым ратаваў». За тры стагодзьдзі пажар – першы ў гарадзенскай Фары, дагэтуль ніякія катастрофы ды войны не прычынялі яму такой шкоды.

Адносна прычынаў загараньня яснасьці пакуль няма. «Магу вас запэўніць, што гэта не падпал і не тэракт», – заявіў падчас прэс-канфэрэнцыі кіраўнік абласнога ўпраўленьня МНС Анатоль Бабій. Ратавальнікі лічаць, што загарэлася электраправодка, якая праходзіла і каля аўтара. Сьвятары касьцёлу і біскупская курыя ад камэнтароў адмаўляюцца. 80 гадоў касьцёл сілкаваўся праз электраправодку, праведзеную яшчэ за польскім часам. Але чатыры гады таму праводка была зьменена. Праўда, невядома, ці цалкам.

«Калі пажар адбываецца ўночы – ніколі ня верце ў вэрсію замыканьня правадоў», – ва ўмовах ананімнасьці зазначыў спэцыяліст, што абсьледаваў касьцёл пасьля пажару. – Такія выпадкі – гэта альбо падпал, альбо нядбайнасьць».

Разам з аўтаром згарэў слайдавы праектар, зь яго падчас службаў дэманстраваліся тэксты песьняў і малітваў. Знаходзіўся ён якраз каля аўтара, з правага боку. МНС не выключае, што праектар маглі пакінуць уключаным, а ў тыя дні стаяла моцная гарачыня, і перагрэтая тэхніка магла загарэцца.

«На дзіва, за апошні год Гародня губляе свае важныя сымбалі», – кажа кандыдат гістарычных навук, супрацоўнік Гарадзенскага ўнівэрсытэту Андрэй Чарнякевіч.

Пажар у гарадзенскай Фары стаў моцным ударам пасьля крадзяжу ў мінулым годзе шахматнай ладзьдзі XII ст., што захоўвалася ў музэі Старога замку. А гэты год прынёс цэлую сэрыю стра-таў разам з ініцыяванай гарадзкімі ўладамі рэканструкцыяй Савецкай плошчы. Экскаватары зьнялі культурны слой XVII–XVIII ст., парушылі палацавыя муры і скляпеньні, старажытныя ходнікі, што дагэтуль захоўваліся пад асфальтам і паркамі Савецкай.

«Ёсьць адно слушнае тлумачэньне, – гаворыць Алесь Госьцеў. – Падчас рэканструкцыі Савецкай плошчы я, праходзячы каля Фарнага касьцёлу, адчуваў, якая ідзе па зямлі вібрацыя ад той цяжкой тэхнікі. Пэўна, і па касьцёле пайшлі трэшчыны. Мяркую, гэтыя працы адабралі ў касьцёлу яго 300 год жыцьця».

«Гэта божае пакараньне за тое, што мы маўчалі, калі разбураліся падмуркі на Савецкай», – гавораць прыхаджане.

Спэцыялісты ў дрэве, што дасьледавалі вынікі пажару, прыйшлі да высновы, што скульптуры галоўнага аўтара былі выразаныя зь ліпы. Каб з часам не патрэскаліся, майстар зрабіў іх пустымі ўнутры. Калёны і дэкаратыўныя элемэнты аўтара – з сасны. Знайсьці кваліфікаваных майстроў, каб аднавіць іх – цяжка.

«Я ня ведаю, як касьцёл будзе выходзіць з сытуацыі, – пракамэнтаваў рэстаўратар Уладзімер Кіслы. – Каб гэта ўсё аднавіць – патрэбны час і сродкі».

Гарадзенская Фара для Беларусі – гэта як Ісакіеўскі сабор Пецярбургу. Галоўны аўтар касьцёлу паводле каштоўнасьці параўноўваюць з аўтаром Марыяцкага касьцёлу ў Кракаве.

Храм Францішка Ксавэрыя – адзіны езуіцкі прыкляштарны касьцёл у Беларусі, які захаваўся ў першапачатковым выглядзе. Яго будаўніцтва стала выкананьнем запавету караля Сьцяпана Батуры, што запрасіў езуітаў у Горадню, а сам казаў – «каб я ня быў каралём, стаў бы езуітам». Храм быў асьвячоны ў 1705 г. у прысутнасьці караля Рэчы Паспалітай Аўгуста Моцнага і Пятра І.

У саборы месьціцца вялікая колькасьць аб’ектаў, да якіх цалкам слушна прымяніць слова «ўнікальны»: гэта і цудадзейны абраз Маці Божай Кангрэгацкай XVII ст., каранаваная колькі гадоў таму са згоды Яна Паўла ІІ. І 14 фрэсак з жыцьця Францішка Ксавэр’я.

Галоўны аўтар зрабіў у 1737 г. слынны польскі майстар Ян Шміт у 1737 г. 26 скульптур на трох ярусах – сьвяты Францішак Ксавэры, Хрыстос Валадар сусьвету, дзесяць апосталаў, чацьвёра эвангелістаў, чацьвёра сьвятых, фігуры жанчын, што ўвасабляюць чатыры кантынэнты сьвету. Кожная скульптура – анатамічна правільная, адрозьніваецца позай і жэстам, мае асобны выраз твару, на якім адбіваюцца нададзеныя майстрам глыбокай разьбой моцныя пачуцьці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?