Фота Андрэя Лянкевіча.

Фота Андрэя Лянкевіча.

«Раней на тарпу выходзілі цэлымі вёскамі, як на фэст!» — прыгадвае Мікалай Шэўка, пенсіянер з вёскі Краснае, што на Карэліччыне. Ён узяўся прадэманстраваць умельства, што хутка можа знікнуць — саматужны працэс нарыхтоўкі торфу на паліва.

Кожны школьнік на Карэліччыне ведае з курса прыродазнаўства, што сярод карысных выкапняў у тутэйшай мясцовасці па‑за канкурэнцыяй знаходзяцца запасы торфу. У дзяцінстве я не без гонару маляваў у адмысловым атласе чорныя прастакутнікі побач з роднай вёскай — тут знаходзіцца істотная частка «чорных» запасаў раёна. Тутэйшыя тарфянікі цягнуцца ўздоўж рэчкі Сэрвач на некалькі кіламетраў. Большая частка іх выкарыстоўваецца мясцовым калгасам, а рэштай, парослай дзікім кустоўем, здаўна карысталіся людзі, нарыхтоўваючы тут на зіму паліва — тарпы, як кажуць мясцовыя. «Раней на тарпу выходзілі цэлымі вёскамі, як на фэст! Паміж ямамі адлегласць была на штых рыдлёўкі, столькі народу збіралася на нарыхтоўку. І ніхто тарфіны ў суседа не скрадзе, кожны сваю яміну ведаў», — прыгадвае Мікалай Шэўка, пенсіянер.

Газ супраць торфу

«Старыя адыходзяць, на іх усё трымалася. А ў маладых ужо іншае на ўме», — з сумнай усмешкай кажа дзядзька Мікола, спрытна рыхтуючы пляцоўку пад нарыхтоўку «тарпы». Яшчэ за палякамі мясцовыя балоты былі асушаныя з дапамогай рыдлёвак.

Працу працягнулі за саветамі. У выніку ўзнікла гіганцкая сістэма вялікіх і малых меліярацыйных каналаў. Нарыхтоўваць торф на паліва стала значна прасцей. Торфабрыкету яшчэ ніхто не ведаў, да лесу тут далекавата, таму торф быў асноўным відам паліва. Гэта быў самы росквіт нарыхтовак. На тарфянікі пачыналі прыязджаць у пачатку мая, да сенакосу.

Наразалі на колькі вазоў, сушылі і адвозілі дамоў. Хто жыў бліжэй да тарфяніку, вазіў торф на падсцілку скаціне, на гарод. Першыя «здрады» пачаліся са з’яўленнем торфабрыкету. Самымі адданымі балоту заставаліся найбольш ашчадныя гаспадары. Колькі гадоў таму ў вёсцы з’явіўся газ. Гэта і вырашыла лёс «тарпы». Сёння па торф выбіраюцца адзін‑два гаспадары з Краснага, якія не здолелі абзавесціся газавым ацяпленнем.

Торф рэзалі раненька

«Я пачынаў капаць торф раненька, пакуль не прыпячэ. А там ляжаш у кустах і чакаеш халадок да вечара», — Мікалай Шэўка падпаліў цыгарэту. Верхні слой з травой на адзін штых рыдлёўкі зрэзаны і скінуты ў старую, напоўненую зялёнай ад раскі вадой яміну. Пляцоўка выраўненая шуфлем, можна пачынаць рэзаць торф. Робіцца гэта замацаваным на доўгім драўляным дзяржальне адмысловым нажом, надзвычай вострым.

«Канечне, востры! Не для каго ж рабіў, для сябе. Папрацуй тупым дзень‑два, потым не разагнешся», — усміхаецца дзядзька. Рэжуць торф вертыкальна, вымаючы з зямлі доўгія, амаль паўметровыя цагліны. Пры гэтым сочаць, каб яны былі трывалыя, не развальваліся. Брак выкідаецца ў старую яміну. Свежыя тарфіны выкладваюцца на беразе пірамідкамі ў 4‑5 паверхаў. Піраміды гэтыя перад дажджом накрываюць травой ці лазняком. Сушыцца будучае паліва нека¬лькі тыдняў. У час сенакосу падсохлы торф адвозілі разам з сенам, якое нарыхтоўвалі побач. Сырэйшыя цагліны ізноў выкладалі ў пірамідкі.

Тарфянік — месца небяспечнае. Зацягнутыя водарасцямі і раскай, старыя яміны тояць небяспеку не толькі для дзяцей — у такой пастцы можа патануць і дарослы. Але галоўная бяда — пажары. Хто меў справу з палаючым тарфянікам, ведае, як цяжка перамагчы тут агонь. «На нарыхтоўках было строга з агнём, — кажа вясковец.

«Прырода бярэ сваё»

«Багата звяр’я тут развялося: казуляў шмат, зайцоў, лісаў, дзікі часам набягаюць, ваўкі блі¬жэй да пушчы трапляюцца», — кажа дзядзька Мікола, выкладаючы чорныя, бліскучыя ад вады цагліны на беразе старой яміны. Аточаны калгаснымі палеткамі непраходны хмызняк — ідэальнае месца для дзікіх звяроў. Калі раней гэтае месца ажывала хоць на кароткі час торфанарыхтовак, то цяпер тут яшчэ больш глуха і нават вусцішна. І падаецца, што звярам тут робіцца цесна.

У меліярацыйных каналах водзяцца шчупакі, налімы, язі. Некалі тутэйшы люд хадзіў па рыбу з кошыкам: працягнеш яго колькі метраў па вадзе — і маеш рыбы і на юшку, і на сушку. Цяпер за рыбакамі пільна сочыць ахова прыроды, але аматараў прайсціся па каналах з сеткай‑таптухай не меншае.

Найбольшую шкоду мясцовай прыродзе чыніць сельская гаспадарка. У красавіку — у час тарфяных бураў — чорныя хмары тарфянога пылу ўздымаюцца на сотні метраў у вышыню. «Першае, што зрабіў бы, каб меў на тое паўнамоцтвы — засеяў бы тарфянік на гады травой», — казаў мне неяк мясцовы аграном. Ураджаі зерневых, атрыманыя на тарфяніках, не вартыя тых высілкаў, што даводзіцца штогод прыкладаць.

Старыя звычкі адступаюць пад наступам цывілізацыі. З аднаго боку — прырода бярэ сваё. З іншага боку, векавы звычай знікае. Прынамсі, пакуль ёсць людзі, якія ўмеюць капаць торф, кожны пры жаданні зможа пабачыць на ўласныя вочы, як гэта робіцца, а магчыма, і паспрабаваць сам. Магчыма, некалі саматужная нарыхтоўка торфу стане абавязковым пунктам экскурсійнай праграмы па Карэліччыне.

Сямён Печанко, Карэлічы—Мінск

Геалагічныя запасы торфу

ў Беларусі складаюць 4,3 млрд т (75% ад першапачатковых запасаў). Разведаныя 9200 радовішчаў торфу плошчай у межах прамысловай глыбіні залежы 2,54 млн га. Штогод здабываем 3 млн т торфу, з якіх 10% выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы, асноўная ідзе на выраб паліва. А яшчэ з торфу вырабляюць угнаенні, біястымулятары, кармавыя дрожджы, фільтры, сарбенты, фарбавальнікі драўніны, тарфяны воск, лекі, прадукты бытавой хіміі і інш. Праект Праграмы развіцця ААН і Глабальнага экалагічнага фонду ў Беларусі прадугледжвае аднаўленне 40 тыс. га парушаных тарфянікаў.

Раней у праекце «Маршруты па Беларусі»:
Глыбокая Еўропа і сталіца кічу Мосар
Мястэчкі над азёрамі
Гэта салодкае слова Свіцязь
У сэрцы Вялікай Літвы
Глушчына, але не глуш
Мураванка. Шчучыншчына
Усходні фарпост: Орша і ваколіцы
Сінія цэрквы: Здзітава - Жабінка - Збірагі
Слонім і Жыровічы
Ваўкавыская готыка
Нараўляншчына, адкуль вяртаешся з верай
Над ракой Арэсай
Котра. Рака і пушча
Край белай птушкі. Асвейшчына
Мазырскае барока
Балдук mon amour
Край за небакраем, або Беларуская Прусія
Мяжа між Усходам і Захадам

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0