15 верасня Народнаму мастаку Беларусі Арлену Кашкурэвічу спаўняецца 80 год. «Творцам суровым, паўночным» называў яго Уладзімер Караткевіч.

Мы датэлефанаваліся да мастака, каб запытацца, як ён сустракае дзень нараджэння.

— Я цяпер не ў Мінску, але недалёка. Мы з жонкай знаходзімся ў лесе ў санаторыі, — кажа мастак. — Прыехаў наш сын Тодар. На стале стаіць бутэлька каліфарнійскага віна. Вядзём гутарку. Вось так праходзіць свята. Сямейным колам. На жаль, не змог з Берліна прыехаць наш старэйшы сын.

Тодар зрабіў мне цудоўны падарунак — старадаўнюю беларускую гравюру. Гэта ўніяцкі абраз святой Марыі ХVІІІ стагоддзя. Ён знайшоў гравюру ў Вільні. Мне надта прыемна. Я ў захапленні, што мая калекцыя ўзбагацілася гэтым творам мастацтва.

Творчая біяграфія Арлена Кашкурэвіча ахоплівае цэлую эпоху. Менавіта ў афармленні гэтага геніяльнага мастака мы ведаем сотні кніг беларускіх і еўрапейскіх пісьменнікаў. Выбітную характарыстыку творчасці гэтага мастака даў ягоны сябра Ўладзімір Караткевіч: «Даўно, яшчэ з самага пачатку, калі ён зрабіў ілюстрацыі да Халдоўра Лакснеса, — я зразумеў, што перад намі мастак суровы, паўночны. І, адначасова, беларускі, мяккі, — калі можна гаварыць пра мяккасць нашага народу, — добры, наш».

Арлен Кашкурэвіч — сябра колішняга Саюзу мастакоў СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі за 1972 год, заслужаны дзяяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь. Ён — ўладальнік дзесяткаў міжнародных і нацыянальных прэмій за кніжнае афармленне. І пры тым ён, карэнны мінчук, ня быў ані камсамольцам, ані камуністам. Арлен Кашкурэвіч, жывая легенда беларускае графікі, мастак, чые творы зберагаюцца ў галерэях усяго свету. Праз ягоныя творы людзі ў розных краінах дазнаюцца пра Беларусь. А мы у творах Арлена Кашкурэвіча можам адкрыць для сябе цэлы свет.

«Наша Ніва» далучаецца да віншаванняў і жадае моцнага здароўя шаноўнаму Арлену Міхайлавічу!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?