Выкладчыкі дэпартамента паліталогіі ЕГУ абвясцілі аб сваім сыходзе з універсітэта ў выпадку, калі кіраўніцтва ВНУ не зменіць палітыкі ў дачыненні да акадэмічных свабод.

Прычынай канфлікту паміж кіраўніцтвам Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта і выкладчыкамі дэпартамента палітычных навук стала тое, што начальства, без узгаднення з выкладчыкамі, прызначыла куратарам праграмы Канстанціна Ткачова, сёлетняга выпускніка магістратуры ЕГУ.

Выкладчык ЕГУ Дзяніс Мельянцоў адзначае, што «ў ЕГУ маюць месцы праявы аўтарытарызму. Нам прапанавалі сысці, калі нешта не падабаецца».

Далікатнасць сітуацыі яшчэ і ў тым, што паліталогія была адной з нямногіх спецыялізацый ЕГУ, дзе пераважала беларуская мова.

Спадар Мельянцоў заўважае, што прычына канфлікта не ў беларускамоўнасці выкладчыкаў, а ў немагчымасці ўплываць на рашэнні кіраўніцтва універсітэта.

Заява пра сыход у знак нязгоды з прызначэннем куратара была зробленая выкладчыкамі 28 верасня, падчас пасяджэння дэпартамента палітычных навук.

АП

* * *

Дадатковы каментар Дзяніса Мельянцова:

Верасень 29, 2009 у 0:16

Лічу неабходным даць некаторыя тлумачэнні, каб не ўзнікала недарэчных інтэрпрэтацыяў.

Напачатку гэтага года адбыліся выбары кіраўніка дэпартаменту паліталогіі і еўрапейскіх даследаванняў. Ім стаў Андрэй Казакевіч (функцыі — кадравая палітыка, праца з выкладчыкамі і студэнтамі, навучальныя праграмы бакалаўрыяту).

Гэтая пасада паводле Статуту — выбарная. Абіраць павінны Рады факультэтаў (або дэпартаментаў). Насамрэч гэтыя рады ніхто не ствараў, усе пасады прызначаліся ў парушэнне ўласнага Статуту. Можна сказаць, што ўсё кіраўніцтва ЕГУ было нелегітымнае.

Пасля рашэння пра трансфармацыю факультэты былі скасаваныя, пасады кіраўнікоў дэпартаментаў таксама, але фармальна Казакевіч працягваў кіраваць бакалаўрыятам да 1 кастрычніка. Часовым кіраўніком паліталагічнае праграмы (бакалаўрыят + магістратуры) была прызначана С.А. Навумава. У далейшым кіраваць павінен быў А. Сцяпанаў, але ён не мае ступені доктара.

Паўстала пытанне пра куратара праграмы, які павінен займацца бакалаўрыятам, выкладчыкамі і праграмама (фактычна, функцыі Казакевіча). Так, Казакевіч не прэтэндаваў на гэтую пасаду, але кіраўніцтву было прапанавана прынамсі абмеркаваць (нават не абіраць) новую кандыдатуру з выкладчыкамі праграмы, чаго патрабуюць акадэмічныя свабоды, дэклараваныя ЕГУ. У гэтым было адмоўлена. Куратар быў прызначаны з ліку толькі што абароненых ЕГУшных магістрантаў без досведу працы, якога ніхто з выкладчыкаў не ведаў.

То бок, пытанне зусім не ў асобе Казакевіча, а ў працэдуры ўнутры праграмы.

На цяперашні момант пра свой сыход абвесцілі выкладчыкі А. Казакевіч, А. Ягораў, Дз. Мельянцоў, С. Богдан.

Да таго, хто сумняваўся ў беларускасці праграмы Паліталогіі, дадам, што большасць асноўных выкладчыкаў праграмы чытаюць свае курсы па-беларуску. Беларускамоўныя курсы чытаюцца А. Казакевічам, А.Ягоравым, А. Дзермантам, Дз. Мельянцовым, С. Богданам, У. Івановым, У. Роўдам, Т. Чыжовай. Гэта лёгка спраўдзіць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0