На 99‑м годзе жыцця памерла Марыя Чапялёва (з Шабуняў), пляменніца Івана і Антона Луцкевічаў.

21 кастрычніка ў расейскім Санкт‑Пецярбургу на 99‑м годзе жыцця памерла Марыя Чапялёва (з Шабуняў). Яе маці Эміля была роднай сястрой слынных дзеячаў беларускага адраджэння Івана і Антона Луцкевічаў.

Яна нарадзілася 16 студзеня 1911 году ў горадзе Лібава (цяпер Ліепая, Латвія) у сям’і інжынера‑чыгуначніка Алеся Шабуні і выпускніцы беластоцкага інстытуту шляхетных дзяўчат Эмілі Луцкевіч. У 1916‑м сям’я пераехала ў Мінск. Тут Марыя скончыла медыцынскі інстытут, пасля чаго разам з групай сяброў была арыштаваная і абвінавачаная ў антысавецкай прапагандзе. Асуджаная ў 1936‑м на тры гады лагераў, яна ніколі ўжо не змагла вярнуцца ў Беларусь і нават цягам дваццаці гадоў ня ведала пра лёс маці і сястры Яніны (бабулі славутага спевака Данчыка), якія падчас вайны выехалі за мяжу.

Усё паслялагернае жыццё спадарыня Марыя працавала лекарам у Манчагорску Мурманскай вобласці. Распавядае дачка Маргарыта Пярова:

«Мама была вельмі адданая сваёй працы. У хаце ў нас размаўлялі толькі пра лекі і хворых. Мама працавала і ўдзень, і ўвечары, і ноччу яе выклікалі».

Пасля выхаду на пенсію ў 1973 годзе яна пераехала да дачкі ў Санкт‑Пецярбург і актыўна ўключылася ў жыццё беларускай грамады, а пазней — і таварыства ахвяраў сталінізму «Мемарыял».
Спадарыня Пярова працягвае:

«Нягледзячы на сталыя гады, на перажытае ў лагерах, яна была вельмі мабільная. Чатыры гады таму мы святкавалі беларускай грамадой яе 95‑годдзе. Сабралася шмат людзей, прыязджаў Данчык. Так было прыгожа, так было цудоўна. Яна так добра выглядала, такая маладая. Побач з ёй людзі проста лепшымі станавіліся. Нейкае святло ад яе было. Што цёця Яня, што мама — гэта такая шляхетнасць, якой ужо няма».

Шматгадовае сяброўства з нашчадкамі Луцкевічаў звязвае Ірыну Ніжанкоўскую, унучатую пляменніцу першага рэдактара «Нашай Нівы» Аляксандра Ўласава і падчарку мовазнаўцы Браніслава Тарашкевіча. Развітанне з Марыяй Чапялёвай для яе — развітанне з цэлай эпохай першых беларускіх адраджэнцаў:

«Яна была апошняй з таго старэйшага пакалення, каго я ведаю, звязаных з беларусамі. Наша сям’я больш веку сябравала з сям’ёй Луцкевічаў. І гэта сяброўства наша працягваецца. Першы раз я пазнаёмілася з Марыяй Аляксандраўнай у Радашкавічах, куды яна прыехала са сваім стрыечным братам Лявонам Луцкевічам да маёй мамы.
На жаль, пазней нашы спатканні былі больш сумныя. Некалькі разоў я з ёй спатыкалася ў Вільні. Разам былі на пахаванні Зоські Верас, Юркі Луцкевіча. Пару гадоў таму я адведала гасцінны дом Марыі Аляксандраўны ў Пецярбурзе, і яна мяне ўразіла, што ў такім ужо веку сталым, каторая прайшла такое цяжкое жыццё, яна была вельмі аптымістычная, любіла пасмяяцца, пажартаваць, была такая вясёлая».

У Марыі Чапялёвай засталіся дачка Маргарыта і двое ўнукаў — Наталля і Павал.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?