Дзяды — старажытнае беларускае свята, якое яднае ўсіх. Нездарма нацыянальнае адраджэнне ў канцы 80-х пачалося з ушанавання Дзядоў.

У дахрысціянскія часы лічылася, што душы памерлых продкаў, якія прыходзяць на Дзяды, трэба пачаставаць. Частавалі звычайна мёдам, кашай альбо яйкамі. У ваколіцах вёсак палілі вогнішчы, каб вандроўныя душы не збіліся з дарогі. Святло не толькі ўказвала шлях, але і палохала злыя сілы. На Дзяды нельга было неасцярожна выліць ваду альбо паліць у печы. Лічылася, што такім чынам можна прычыніць шкоду душам памерлых, якія на кароткі час вярнуліся дадому.

Дзяды спраўлялі ў пэўныя дні, у залежнасьці ад мясцовасці некалькі разоў на год. Часта вясной і ўвосень. Галоўнымі былі Змітраўскія Дзяды: у суботу перад Змітравым днем (26 кастрычніка па старым стылі), а таксама на Радаўніцу.

На Дзяды было прынята гатаваць 7 і болей (няцотны лік) святочных і абрадавых страў. Абавязковымі былі куцця, клёцкі, бліны, мяса, яечня. Снўшы за стол, клікалі продкаў: «Святыя Дзяды, ляціце сюды!» Ад кожнай стравы ў асобны посуд адкладалі па кавалачку для дзядоў і пакідалі на ноч на стале. Таксама традыцыйна ў гэты вечар на стол клалі больш лыжак, чым было едакоў. Са стала пасля вячэры не прыбіралі — каб памерлыя маглі ноччу ў цішыні за ім пасядзець.

І цяпер у канцы кастрычніка людзі едуць на могілкі, каб адведаць месца спачыну бацькоў і дзядоў. Каталікі, праваслаўныя, пратэстанты. Духоўная сувязь з продкамі важная для ўсіх.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?