Напрыканцы зімы вызначыліся лаўрэаты адразу дзвюх штогадовых літаратурных прэмій. «Гліняны Вялес» атрымаў празаік Віктар Казько
за раман «Бунт незапатрабаванага праху», выдадзены ў серыі кнігарня «Нашай Нівы».

Па словах ініцыятара ўручэння прэміі паэта Алеся Аркуша, «сёлета вырашальным пры вызначэнні лаўрэата сталі крытычныя і літаратуразнаўчыя артыкулы аўтарытэтных беларускіх крытыкаў і літаратуразнаўцаў, перадусім Міхася Тычыны».

Прэтэндэнтамі таксама былі «Цэнтр Еўропы» Уладзіміра Някляева, «Нічые» Андрэя Федарэнкі і «Праўдзівая гісторыя Кацапа, Хахла і Бульбаша» Уладзіслава Ахроменкі і Максіма Клімковіча і «Акно для матылькоў» Міхася Скоблы.

А «Залатую літару» за 2009 год, якую ўручае пісьменнік і выдавец Адам Глобус, атрымае Андрэй Федарэнка за кнігу «Нічые».

Глобус праводзіў адмысловую апытанку на сваім інтэрнэт‑дзённіку, якая і засведчыла перамогу Федарэнкі.

Сярод намінантаў таксама былі Сяргей Календа «Помнік атручаным людзям», Уласік Смаркач Сірошка Пістончык «йопыты», Артурас Шыланскас «Зборнік хайку».

* * *

Спіс усіх лаўрэатаў «Глінянага Вялеса»

1993. Ігар Бабкоў — кніга «Solus Rex» (паэзія);
1994. Людка Сільнова — кніга «Рысасловы» (паэзія);
1995. Алесь Разанаў — кніга «Паляванне ў райскай даліне» (паэзія);
1996. Славамір Адамовіч — кніга «Каханне пад акупацыяй» (паэзія);
1997. Лявон Вашко — кніга «Паэты цары» (проза);
1998. Уладзімер Арлоў — кніга «Божая кароўка з Пятай авеню» (эсэістыка);
1999. Мікола Папека — кніга «Чарнавікі…» (паэзія);
2000. Сяргей Астравец — кніга «Цэнзарскія нажніцы» (проза);
2001. Віктар Слінко — кніга «Штольні вясны» (паэзія);
2002. Альгерд Бахарэвіч — кніга «Практычны дапаможнік па руйнаванні гарадоў» (проза);
2003. Пятро Васючэнка — кніга «Жылі былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі» (проза);
2004. Алена Брава — кніга «Каменданцкі час для ластавак» (проза);
2005. Сяргей Дубавец — кніга «Вострая Брама» (эсэістыка);
2006. Валянцін Акудовіч — кніга «Дыялогі з Богам» (эсэістыка);
2007. Алег Мінкін — кніга «Пенаты» (паэзія);
2008. Барыс Пятровіч — кніга «Жыць не страшна» (проза).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?