Лукашэнка знайшоў альтэрнатыўную крыніцу энэргіі за акіянам.

 Фота БЕЛТА

Фота БЕЛТА

Венесуэла будзе пастаўляць у Беларусь 80 тысяч барэляў нафты ў дзень. Пра гэта паведаміў прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес у часе візіту Аляксандра Лукашэнкі за акіян. Не для ўнутрыбеларускіх патрэб, якія забяспечваюцца бязмытнай нафтай з Расіі. Пасля перапрацоўкі гэтую нафту плануецца прадаваць у Еўропе. Пастаўкі маюць распачацца ў траўні.

Аб'ёмы ўражваюць: гэта амаль 4,2 мільёна тон нафты за год. Нагадаем, што ўласныя патрэбы Беларусі складаюць каля 6 млн тон, а ўласнабеларуская здабыча склала ў 2009 годзе ўсяго 1,7 млн т. Дагэтулешнія абсягі экспарту з Расеі перавышалі 21 млн т за год. Цяпер іх удасца знізіць.

Калі дзіўнаваты гешэфт удасца, гэта будзе самым значным за часы незалежнасці крокам па зніжэнні энэргазалежнасці Беларусі ад Расіі.

Падрыхтоўкай пагадненняў займаліся першы віцэ-прэм'ер урада Уладзімір Сямашка і спецыяльны пасланнік па адносінах з Венесуэлай Віктар Шэйман.

«Мы пацвердзілі гатоўнасць падтрымаць Беларусь у энергетычнай сферы і ў найбліжэйшы час падпішам пагадненне аб пастаўках нафты», – заявіў Чавес па выніках сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, як цытуюць інфармацыйныя агенцтвы.

«Гэты візіт (Лукашэнкі) дазваляе нам даць новы імпульс, неабходны ва ўмовах сусветнага эканамічнага крызісу. Нашыя краіны ведаюць, як прасоўвацца наперад, як даваць далейшы імпульс нашай мадэлі развіцця ў супольных намаганнях, якія базуюцца на сацыялізме, незалежнасці, суверэнітэце і шматпалярным свеце», – дадаў Чавес.

Лукашэнка, у сваю чаргу, сказаў, што «ўзгодненыя ўмовы паставак венесуэльскай нафты на рынак Беларусі, дзе мы зможам яе перапрацоўваць і затым супольна прадаваць на еўрапейскім рынку». Ягоныя словы прыводзіць агенцтва БЕЛТА.

Супольнае беларуска-венесуэльскае прадпрыемства «Петралера БелаВенесуэлана» сёння здабывае каля 1 млн т нафты ў год. «Мы будзем і далей развіваць здабычу нафты ў інтарэсах абедзвюх краін», – дадаў Лукашэнка.

Акрамя таго, кіраўнікі дзяржаваў дамовіліся пра тое, што беларусы будуць весці газіфікацыю венесуэльскіх гарадоў і пасёлкаў. «За найбліжэйшы год мы пабудуем у Венесуэле 3-4 заводы па вытворчасці трактароў, аўтамабіляў, вялікагрузных аўтамабіляў, буйны цагельны завод, разлічаны на выпуск 100 тыс. тонаў умоўнай цэглы», – сказаў беларускі кіраўнік.

«Мы дамовіліся па ўсіх пытаннях, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. – У найбліжэйшы час мы наведаем будоўлі, будзем адкрываць новыя радовішчы, новыя пасёлкі, якія пабудавалі для нашых венесуэльскіх братоў».

Цана будучай нафты пакуль не агалошваецца.

Венесуэла пастаўляе нафту па льготных цэнах на Кубу, у Нікарагуа і іншым, драбнейшым саюзнікам, а таксама нават асобным «братэрскім» гарадкам у Штатах. Гэтыя пастаўкі маюць палітычную подбіўку. Чавэс фінансуе краіны, якія падтрымліваюць яго ў барацьбе за ўплыў на сусветнай арэне, пераважна супраць ЗША. Аднак сама Венесуэла знаходзіцца ў даволі сумным эканамічным становішчы. Гэтак, сёлета краіна пакутавала ад дэфіцыту электраэнэргіі. Відавочна, што пастаўкі нафты з Венесуэлы за свет, у далёкую Еўропу, будуць залежаць ад палітычнага лёсу Чавэса.

Дагэтуль найбліжэйшым і найбольшым рынкам для нафта з берагоў Арынока былі ЗША.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?