Расея сьвяткуе 4 лістапада Дзень нацыянальнага адзінства – дзень вызваленьня Масквы ў 1612 годзе. Нашы продкі бачылі тыя падзеі з-за іншага боку крамлёўскага муру. Адным зь іх быў Самуіл Маскевіч зь мястэчка Сэрвач пад Наваградкам. З 21 году – прафэсійны ваяка. У 1609 году наняўся добраахвотнікам у войска Рэчы Паспалітай, што выправілася на Маскву... Піша Аляксей Бацюкоў.

4 лістапада наш усходні сусед адзначацьме Дзень нацыянальнага адзінства – у гонар паўстаньня Мініна й Пажарскага, што паклала канец Смутнаму часу ў маскоўскай дзяржаве ў пачатку XVII ст. і т.зв. «польскай інтэрвэнцыі». Вобразы галоўных маскоўскіх паўстанцаў, забранзавелыя на Краснай плошчы Крамля, апетыя арыямі й дзіцячымі вершыкамі «Сусанін-герой», праз жывучую расейскую імпэрска-савецкую спадчыну дагэтуль складаюць выразны эмацыйны кантэкст, празь які большасьць беларусаў успрымае падзеі гэтай гісторыі. Некаторыя – згадваючы, што заведзеныя ў балоты палякі былі ня толькі палякамі. Але пакуль выправа шляхты Рэчы Паспалітай на заваяваньне маскоўскага стальца не атрымала ў нашай нацыянальнай гістарыяграфіі істотнай увагі, так і застаецца гэтая настальгія па адэкватнасьці ўспрыняцьця абстрактнай і найчасьцей – безэмацыйнай. Можна было б традыцыйна жаліцца, што і тут далі маху літаратары, не стварылі грандыёзных у сваёй патрыятычнасьці твораў, але па-першае, тая ж няхай і славутая Клушынская бітва – далёка не адзіная і ня першая ў сьпісе неапяянай воінскай славы беларусаў, а па-другое... такі, ці блізкі да такога, твор ёсьць.

Маскоўскі паход вачыма жаўнера

Самуіл Маскевіч паходзіў зь беларускага шляхецкага роду, зь мястэчка Сэрвач пад Наваградкам. З 21 году – прафэсійны ваяка, як сказалі б цяпер. Ён біўся пад Кокенгаўзэнам, ваяваў з паўстанцамі падчас рокашу супраць караля, затым у 1609 г. наняўся валянтэрам у войска Рэчы Паспалітай, што выправілася ставіць на чале Расейскай дзяржавы сына Жыгімонта Вазы, каралевіча Ўладзіслава. Далей былі аблога Смаленску, тая самая Клушынская бітва, узяцьце Рослава, пастой у Маскве, і, нарэшце, вяртаньне з маскоўскай авантуры на Радзіму. Тут, у Наваградку, ён сыстэматызаваў свае ранейшыя дзёньнікі, дапоўніў іх мэмуарамі, і выйшаў знакаміты ў вузкіх колах «Дыярыюш Самуіла Маскевіча». Паводле гэтых нататак ужо цяпер можна здымаць кіно, што праўда, не на «Беларусьфільме» (ня толькі таму, што ў іх дэкарацыя згарэла).

Што бачыць жаўнер на вайне? Зусім ня тое, што прыдворны летапісец. Тут параза з прысмакам здрады ці кулюарнай грызьні ніколі не адаб’¬ецца пустацьветам патэтыкі. Тут перамога на жылах, калі адзін супраць пятнаццаці – гэта ўжо не хваласьпеў, гэта дзякаваньне Богу за цуд. Неперадузятасьць – бадай найпрыгажэйшая рыса «Дыярыюшу».

Аблога Смаленску. Маскевіч у харугве князя Порыцкага, пад чалом гетмана Жалкеўскага. Аблога цяжкая, доўгая, нудная. Абстрэлы, падкопы, вылазкі. У адзін дзень, падкапаўшы пэтарду пад браму, нападнікі ўдала падарвалі яе, так што вароты адчыніліся. Сотня шляхты ўварвалася ў горад, і ўжо пачалі маскоўцы кідацца са сьцен крэпасьці, каб схавацца ў царкве, але «...з прычыны бязладзь¬дзя нашага і нашых памылак не блаславіў Пан Бог гэтага мерапрыемства». За першай сотняй на штурм не пайшоў ніхто, бо «нашыя начальнікі, баючыся раскрыцьця сваіх плянаў і здрады, не папярэдзілі ў свой час нікога нават з тых палкоўнікаў, якія камандавалі пяхотаю. Казалі, што здрадзіў вугорац Марак, які быў капітанам каралеўскай пяхоты. Ён не пайшоў у пралом ці таму, што ня меў духу, ці то па згодзе з праціўнікам». Аблога працягвалася яшчэ амаль два гады.

А пакуль што маскоўскі самадзержац Васіль Шуйскі выступае з 35-тысячным войскам, каб дапамагчы недаціснутым смалянам. З гэтага моманту каралеўскае войска дзеліцца напалам: адна палова, разам з каралём і гетманам, мусіць заставацца пад Смаленскам, другая, складзеная з наймітаў, – ісьці насустрач Шуйскаму. Чы не нагода для расколу? Буйныя польскія магнаты, паны Патоцкія, што прывялі 2000 вершнікаў, не жадаюць выступаць «у полі», бачачы хуткую здачу цытадэлі і хочучы запісаць славу за ўзяцьце Смаленску на сваё імя. Гетман Жалкеўскі, «бачачы іх няшчырасьць і ведаючы, як неабходная гэтая апэрацыя, насуперак звычаю і прыстойнасьці» кідае лягер, караля і кіруе сваю частку войска насустрач Шуйскаму.

Пахолкі захапілі горад

Уся далейшая апэрацыя – чыстая авантура ад пачатку да канца. Крыху болей шасьці тысяч шляхціцаў мусілі разьбіць умацаванае швэдз¬кім корпусам войска Шуйскага і захапіць Маскву. Як перыну асмаліць. Што казаць пра настроі шляхты ў войску Рэчы Паспалітай, калі іх пахолкі («пахолак» – збраяносец, слуга), выпраўленыя сабраць правіянт пад Бранскам, заадно заваёўваюць Рослаў.

Частка маскоўскага войска (Маскевіч дае лічбу 8000, але яна відавочна перабольшаная) атайбавалася на рацэ Сеж у чаканьні асноўных сілаў Шуйскага. Абклаўшы гэтую частку дзьвюма ротамі і казакамі, астатняе сваё войска польны гетман кіруе насустрач Шуйскаму, каб засьпець яго зьнянацку. 2500 вершнікаў (Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі дае лічбу 6325) і 200 чалавек пяхоты, коньніцы, некалькі лёгкіх гармат. 24 чэрвеня 1610 году гэты атрад прабіраецца ўначы празь лес і нечакана апынаецца перад праціўнікам. Лягер Шуйскага засьпеты зьнянацку. Жулкеўскі падпальвае суседнюю вёску, каб дымам прыхаваць сапраўдную колькасьць сваіх вояў, і загадвае трубіць у трубы, біць у бубны. Саюзныя з маскоўцамі швэды выступаюць насустрач, войска Шуйскага таксама.

«Пры нашай малалікасьці жахліва было нават кінуць позірк на гэту незьлічоную процьму ворага», – какетнічае аўтар дзёньніка, і на старонках закіпае бой. «Няхай пра гэту бітву апавядае больш падрабязна той, хто толькі дзівіўся на яе, а мне цяжка было, і губы перасыхалі». Не, тут ён ізноў какетнічае. А, вось «Ад золку летняга дня і да абеду гадзін пяць» роты, «якім па восем або дзесяць разоў даводзілася садзіцца на коней і выходзіць на бой», безвынікова таўкуцца па полі, трымаючы праціўніка, але не зьмінаючы яго. Паступова прыходзіць ацьверазеньне – іх мала, яны на чужой зямлі, і на літасьць разьлічваць ужо не прыходзіцца. Да таго ж «у нас ва ўсім [узбраеньні] была нястача, а ў яго [праціўніка] павялічвалася і сіла, і бадзёрасьць. Нягледзячы на гэта, нашыя воіны па звычаі кідаюцца з харугвамі на перадавыя шарэнгі непрыяцеля з клічам: да бою, да бою! Але марна. Няма ні сіл, ні рыштунку. Нават ня бачна ні палкоўнікаў, ні ротмістраў. Аднак мы ўступаем у бітву і зьмешваемся, як у віры, але гэта нам мала чаго дае: вораг ужо бачыць нашую слабасьць».

Перамогу ў гэтай бітве шляхцюкам прынесьлі самі маскоўцы. Два аддзелы іх райтараў перайшлі ў кантранаступ. Адзін стрэліў і пачаў вяртацца пад абарону свайго войска, другі стаў набліжацца, каб даць свой залп. Вось у гэты момант ці то раздражнёныя дзёрзкасьцю ворага, ці то зь перапуду шляхцюкі ідуць на новую авантуру – налятаюць на занятыя манэўрамі райтарскія аддзелы, зьмятаюць іх (тыя зьмятаюцца на¬дзі¬ва лёгка, хвіліна – і ўсе першыя шэрагі ахоплівае, хвалямі разыходзіцца паніка), а за імі і астатняе маскоўскае войска.

Пасьля гэтай бітвы швэдзкі корпус здраджвае Шуйскаму, той уцякае ў Маскву, не спа¬дзеючыся на рэшткі сваёй армады, каб урэшце знайсьці там манаства, сьмерць і вечны супакой.

Маскоўскі пастой

Самуіл Маскевіч у складзе каралеўскага войска едзе ў Маскву. Бяз стрэлаў, бітваў сталіца прымае на пастой жменьку заваёўнікаў – тыя, каб ня кідалася ў вочы іхная малалікасьць, увайшлі «бяз ладу» і адразу разбрыліся на пастой.

Пастой, рыхтаваны на месяц, завяршыўся праз паўтара году. Пазьней гісторыкі напішуць, што завяршыць авантуру паспалітай шляхты ня даў сам кароль Жыгімонт – схіляючыся да ідэі уніі Рэчы Паспалітай з Расеяй, ён не адпусьціў свайго сына ў Маскву прымаць царскі тытул. Гэта, а таксама натуральны народны гнеў супраць свавольстваў шляхты, падняло расейскі люд на паўстаньне і канчатковае выгнаньне інтэрвэнтаў.

Пра свавольствы шляхты Маскевіч піша з шчырай скрухай, хоць з часам, са зьменай настрою ў паспалітым войску, скруха мінае. «Дзікасьць», грубасьць маскоўскага люду штурхае шляхту на пераасэнсаваньне ўласных каштоўнасьцяў, так што нарэшце ў дзікай краіне ім можна ўсё тое ж, што дазваляюць сабе тубыльцы. Так, калі першага таварыша-свавольніка шляхта карае сьмерцю за тое, што п’яны страляў па праваслаўных абразах, то наступнага вырашае караць не паводле сваіх законах, а паводле мясцовых. Замест сьмерці за гвалт над баярскай дачкой нейкаму пахолку даюць бізуноў. У выніку задаволенымі засталіся і баярын, і пахолак. Што цяпер магло стрымаць шляхцюкоў ад гвалту, выкраданьня жанок?

Іх норавы

Дарэчы, пра грубасьць. Маскевіч ніяк ня можа зразумець расейцаў, што праклінаюць і зьдзекуюцца з сваіх абразоў за тое, што тыя не ўратавалі іх ад рабаваньня ці згубы жывёлы («мы на вас молімся, а вы!»). Як ня змог ён зразумець Івана Жахлівага, які ў часе пасьпяховай ваеннай кампаніі абдорваў смаленскую царкву Міхаіла Арханёла, аж зрабіў ёй залаты копул, а ў часе няўдалай – загадаў абдзерці зь ейных сьцен усё начыньне і скарбы, а копул зьнесьці стрэлам з гарматы. Маскевіч не разумее расейцаў наагул, для яго гэта іншая культура, прычым іншая да непрыстойнасьці.

Надта камплімэнтарна для маскоўцаў пачатку XVII ст. будзе гучаць думка, што тут, на старонках «Дыярыюшу» сустракаюцца розныя цывілізацыі. Практычна ў кожным фрагмэнце ўспамінаў пра маскоўскае «гасьцяваньне» Маскевіч дазваляе сабе сваю высакародную пагарду.

Яму не падабаецца маскоўская ежа («акрамя той здобы, што падобная на францускую»), яму не падабаецца, як на банкеце іх частавалі мядамі («за кожным разам падавалі розныя, каб паказаць, як багата ў іх царстве. Нашы хацелі напіцца і прасілі падліваць, але аднаго гатунку, аднак маскоўцы рабілі па-свойму»), яму не падабаюцца застольныя забавы – мала што тут ніхто ня танчыць («лічаць, што шаноўнаму чалавеку непрыстойна танцаваць»), дык няма ніякай музыкі (дзеля іх, гасьцей, праўда, запрашалі лірнікаў, але што там за музыка – трымценьне на адной ноце), а ўвесь адпачынак – гэта скокі блазнаў і «надзвычай бессаромныя прыпеўкі».

Дый «жэняцца яны амаль што як габрэі» (будзем літасьцівыя за некарэктнасьць, усё ж сын свайго часу) – наўрад ці нэўтральна заўважае аўтар. У Маскве жанок трымаюць пад замком і ў чорным целе, усё жыцьцё не даючы выходзіць з двара.

Тут не займаюцца навукамі, бо яны забароненыя на загад цара («які баіцца, каб не знайшоўся хто мудрэйшы за яго, бо тады народ пагрэбуе ім і абярэ царом мудрэйшага»). Як пра дзіва дзіўнае Самуіл Маскевіч распавядае пра баярына часу Івана Жахлівага, які меў прагу да моваў і вымушаны быў прымаць настаўнікаў – немца, паляка – употай, уночы, пераапранутых у рускія апраткі.

Аднак няма ніякай пагарды там, дзе звычаі маскоўцаў сугучныя сацыяльнай філязофіі самога Маскевіча. «У гутарках нашы, выхваляючыся сваімі вольнасьцямі, раілі ім аб’яднацца з польскім народам і таксама прыдбаць свабоду. Але расейцы на гэта наў¬прост адказвалі: «Вам добра вашая воля, а нам – нашая няволя. У вас ня вольнасьць, а свавольства, якога ня ведаем мы, бо ў вас моцны прыгнятае і рабуе слабога. У нас жа самы знатны баярын ня мае права пакрыўдзіць самага апошняга прасталюдзіна, бо на першую ж скаргу цар робіць суд і расправу. А калі ж сам цар са мною абыдзецца несправядліва, дык гэта ягонае царскае права, бо ён, як Бог, і карае, і даруе».

На радзіму – расчараваныя

Дзе-нідзе пачатковы скепсіс Маскевіча гасьне. Ён пачынае глядзець наўкола вачыма падарожніка, лёсам закінутага ў гэты такі блізкі і такі далёкі сьвет. Крэмль, Кітай-горад, майстэрства рамесьнікаў, зухаватасьць ліхадзеяў (што не збаяліся днём навідавоку скрасьці ў Маскевіча каня) – Расея, далёкая экзатычная краіна, такая яшчэ простая і, часам, цікавая – плыве ў «Дыярыюшы» праз дым пажарышчаў, кроў, гвалт, ня зьмешваючыся, аднак, з гэтай бязьлітаснай і бессэнсоўнай вайной. Ужо не авантурай, далёка не. Абкла¬дзеныя з усіх бакоў атрадамі паўстанцаў, ад кожнага селяніна-правадніка чакаючы здрады, шляхцюкі рвуцца на радзіму – лясамі, балотамі, галодныя, злыя, не дачакаўшыся грошай за службу, расчараваныя ў сваім нерашучым каралі і недальнабачных камандзірах. Ірвуцца і прарываюцца, напасьледак, ужо на самым памежжы ледзьве ня трапіўшы ў пастку. Ім усё ж такі здрадзіў селянін-праваднік. Адсеклі галаву.

Вяртаньне дахаты ўсяго ў двох радкох – «Знарок затрымаўся ў брата, каб не ісьці разам з войскам празь Літву». Не нясуць больш за войскам крылы славутай Клушынскай бітвы. Вось і ўсе эмоцыі, уся патэтыка і патас. Так вяртаўся з вайны стомлены трыццацідвохгадовы ваяр. І прыблізна так вярталася зь дзікай чужой краіны ўся напаўзабытая авантура беларускай шляхты.

Дыяруш Самуіла Маскевіча

Паводле: Анталёгія даўняй беларускай літаратуры. ІХ – першая палова XVIII ст. – Менск: Беларуская навука, 2005.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0