Увечары 23 лістапада ў Лёнданскім шпіталі памёр былы падпалкоўнік ФСБ Расеі Аляксандар Літвіненка. Тры тыдні таму яго атруцілі невядомым ядам. Сярод іншага былы выведнік займаўся незалежным расьсьледаваньнем забойства журналісткі Ганны Паліткоўскай

Вось што заявіў прадстаўнік лёнданскага шпіталю Джым Доўн.

(Доўн: ) «Мы з жалем паведамляем, што Аляксандар Літвіненка памёр у шпіталі ў 21 гадзіну 21 хвіліну 23 лістапада. Ён паступіў да нас з цяжкім атручваньнем 17 лістапада. Лекары зрабілі ўсё магчымае, каб выратаваць яму жыцьцё».

Кіраўнік клінічнага аддзяленьня лёнданскага шпіталю Джэф Бэлінгэм кажа, што прычына захворваньня Літвіненкі дагэтуль няясная.

Учора стан былога падпалкоўніка ФСБ рэзка пагоршыўся. Ягоны сябра Алекс Гольдфарб сказаў у чацьвер раніцай, што ўначы ў Літвіненкі спынілася сэрца, потым ён знаходзіўся на апараце штучнага дыханьня. Аднак шпіталь не камэнтаваў гэтыя заявы, спасылаючыся на ўрачэбную тайну, паведамляе ВВС.

Раней лекары заяўлялі, што стан Аляксандра Літвіненкі наўрад ці выкліканы атручваньнем сульфатам талія, як меркавалася, але не выключалі, што ў ягоны арганізм быў уведзены, магчыма, радыяактыўны ізатоп талія. Паводле лекара Літвіненкі Аміта Натвані, выявіць сапраўдныя прычыны, якія прывялі да рэзкага пагаршэньня здароўя былога падпалкоўніка ФСБ, будзе вельмі складана, паколькі мінула шмат часу, спатрэбяцца новыя аналізы.

Справу Літвіненкі расьсьледуе спэцыяльнае падразьдзяленьне брытанскай паліцыі ў барацьбе з тэрарызмам. У шпіталь ён трапіў 1 лістапада ў цяжкім стане. У яго выпалі валасы, не функцыянаваў косны мозг, узровень лейкацытаў упаў да нуля.

У дзень меркаванага атручваньня ў Аляксандра Літвіненкі былі, як мінімум, дзьве сустрэчы. Раніцай ён піў гарбату ў адным з лёнданскіх гатэляў з двума расейцамі – сваім сябрам былым ахоўнікам Беразоўскага Андрэям Лугавым і невядомым, якога звалі Уладзімер, якога цяпер лічаць галоўным падазраваным. Пазьней Літвіненка абедаў ў сушы-бары з італьянцам Марыё Скарамэлам.

20 лістапада ў інтэрвію Радыё Свабода Літвіненка са шпітальнага ложка расказаў пра абставіны атручваньня:

(Літвіненка: ) «На мяне выйшаў чалавек і прапанаваў сустрэцца, каб перадаць інфармацыю, у тым ліку і пра людзей, якія забілі Паліткоўскую. Гэта было 1-га лістапада. Я сустрэўся з гэтым чалавекам у рэстарацыі, ён перадаў мне гэтыя паперы, і празь некалькі гадзінаў мне стала кепска. У мяне здарылася цяжкое атручэньне. Цяпер я знаходжуся ў шпіталі. У тых дакумэнтах, якія я прагледзеў, названа імя чалавека, які, магчыма, забіў Ганну Паліткоўскую. Гэта афіцэр расейскіх спэцслужбаў, які дзейнічае на Каўказе».

Падпалкоўнік ФСБ Аляксандар Літвіненка ўцёк у Лёндан пасьля таго, як абнародаваў дадзеныя, якія нібыта сьведчаць аб падрыхтоўцы расейскіх спэцслужбаў да замаху на расейскага алігарха Барыса Беразоўскага, які атрымаў палітычны прытулак у Вялікай Брытаніі.

Аляксандар Літвіненка гэтаксама выдаў кнігу «ФСБ падрывае Расею», у якой сьцьвярджаў, што расейскія спэцслужбы арганізавалі выбухі жылых дамоў у Маскве ў 1999 годзе, каб стварыць падставу для разгортваньня ваеннай апэрацыі ў Чачэніі. Сябры і знаёмыя лічаць, што да атручваньня датычныя расейскія ўлады. Масква ў сваю чаргу катэгарычна абвяргае любую сувязь з тым, што адбылося.

Радыё Свабода

Хто такі Аляксандар Літвіненка

Аляксандар Вальтэравіч Літвіненка нарадзіўся ў 1962 годзе ў Варонежы. У 1980 годзе пасьля заканчэньня сярэдняй школы быў прызваны ў войска. За наступныя дваццаць пяць гадоў прайшоў шлях ад радавога да падпалкоўніка.

З 1988 году – у органах контравыведкі КГБ СССР. З 1991 – у цэнтральным апараце МБ-ФСК-ФСБ Расеі. Спэцыялізацыя – барацьба з тэрарызмам і арганізаванай злачыннасьцю. За правядзеньне сумесных з маскоўскім крымінальным вышукам (МУР) апэрацый па вышуку і затрыманьні асабліва небясьпечных злачынцаў атрымаў званьне «Вэтэран МУРа».

Удзельнік баявых дзеяньняў у многіх так званых гарачых кропках былога СССР і Расеі. У 1997 годзе пераведзены ў самае сакрэтнае падразьдзяленьне ФСБ РФ – Упраўленьне па распрацоўцы злачынных арганізацый – на пасаду старшага апэратыўнага супрацоўніка, намесьніка начальніка 7-га аддзела.

18 лістапада 1998 году правёў у Маскве прэс-канфэрэнцыю сумесна зь некалькімі калегамі – супрацоўнікамі Упраўленьня па распрацоўцы і спыненьні дзейнасьці арганізаваных злачынных фармаваньня ў. Яны паведамілі, што ў лістападзе 1997 году кіраўнікі Ўпраўленьня, генэрал-маёр Яўгені Хахалькоў і капітан І рангу Аляксандар Камышнікаў аддалі Літвіненку вусны загад забіць Барыса Беразоўскага – у той час намесьніка сакратара Рады бясьпекі РФ. Літвіненка і ягоныя калегі адмовіліся выканаць загад, пасьля чаго іх начальнікі пачалі пагражаць ім фізычнай расправай. Праз два тыдні на Літвіненку каля ягонага дому быў учынены замах.

У сакавіку 1999 году Літвіненка быў арыштаваны па абвінавачаньні ў перавышэньні паўнамоцтваў і зьмешчаны ў «Ляфортава». У лістападзе 1999 году быў апраўданы, але адразу ў залі суду пасьля абвяшчэньня апраўдальнага прысуду арыштаваны ФСБ і зьняволены ў СІЗА Бутырскай турмы па другой крымінальнай справе. У 2000 годзе другая крымінальная справа была спыненая пракуратурай праз адсутнасьць складу злачынства. У той жа дзень супраць яго была ўсчатая трэцяя крымінальная справа, а ён сам вызвалены пад падпіску пра нявыезд.

Потым ён нелегальна пакінуў Расею, у сувязі з чым супраць яго была ўсчатая чацьвёртая крымінальная справа. У траўні 2001 году ён атрымаў палітычны прытулак у Вялікабрытаніі.

У 2002 годзе Нара-Фамінскі гарнізонны ваенны суд прызнаў Літвіненку вінаватым у перавышэньні службовых паўнамоцтваў і незаконным трыманьні зброі. Яго завочна прысудзілі да трох з паловай гадоў зьняволеньня ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам у адзін год.

Сёлета 1 лістапада ён сустрэўся з італьянскім экспэртам па бясьпецы Марыя Скарамэляй, а пасьля – з былым ахоўнікам Барыса Беразоўскага Андрэем Лугавым. На гэтай сустрэчы прысутнічаў нейкі расеец па імі Ўладзімер. Ягоная прысутнасьць сталася нечаканкай для Літвіненкі. Незнаёмец амаль увесь час маўчаў, але настойліва прапанаваў Літвіненку выпіць гарбаты. Гэты Ўладзімер цяпер ёсьць галоўным падазраваным. Былы супрацоўнік КГБ Андрэй Лугавы заявіў, што ня мае дачыненьня да атручваньня Аляксандра Літвіненкі і мае намер паехаць у Лёндан, каб даказаць гэта.

Першая кніга Літвіненкі «ФСБ узрывае Расею», напісаная ў сааўтарстве зь Юрыем Фельшцінскім, выйшла ў Нью-Ёрку восеньню 2001 году. У 2002 годзе выйшла другая кніга Літвіненкі – «ЛПГ – Лубянская преступная группировка». Жанаты, двое дзяцей.

Гісторыя прымяненьня ядаў расейскімі спэцслужбамі

За мінулае дзесяцігодзьдзе пераемнікі КГБ ў Расеі й іншых рэспубліках былога СССР ня раз траплялі пад падазрэньне ў сувязі з выкарыстаньнем наркотыкаў альбо ядаў супраць сваіх супрацоўнікаў. У 2004 годзе на старонках The New York былы супрацоўнік ФСБ Аляксандар Літвіненка расказаў пра тое, што сакрэтная лябараторыя КГБ ў Маскве, якая працягвае сваю працу пад эгідай ФСБ, спэцыялізуецца на вывучэньні ядаў.

Аналізуючы справу Юшчанкі, былы генэрал КГБ Алег Калугін, які цяпер жыве пад Вашынгтонам, сказаў, што яму яно ўяўляецца «відавочнай спробай прыбраць яго з палітычнай сцэны».

У 1978 годзе праз Калугіна ішлі ўказаньні савецкім агентам даць спэцслужбе Баўгарыі парасон з спружынай, які пасьля выкарысталі для ўвядзеньня дозы рыцыну для забойства баўгарскага дысыдэнта Георгія Маркава ў Лёндане.

Літвіненка і Калугін заявілі, што атручэньне Юшчанкі не адзіны інцыдэнт, калі спэцслужбы Расеі падазраваліся ў прымяненьні ядаў. У 1995 годзе расейскі банкір Іван Ківелідзі і ягоны сакратар памерлі ад атруты, нанесенай на слухаўку тэлефоннага апарату.

У 2002 годзе саўдаўскі баявік, вядомы пад імем Хатаб, які змагаўся разам з чачэнскімі паўстанцамі супраць расейскіх войскаў, памёр, калі раскрыў атручаны ліст.

Былы сьпікер расейскага парлямэнту Іван Рыбкін, які ў лютым, у час сваёй перадвыбарнай кампаніі супраць прэзыдэнта Пуціна, зьнік на некалькі дзён, пасьля абвінаваціў ФСБ ў тым, што яго напхалі наркотыкамі.

1 верасьня адбыўся інцыдэнт, які прыцягнуў увагу СМІ ў Расеі і Баўгарыі. Ганна Паліткоўская, вядомая расейская журналістка з «Новай газэты», страціла прытомнасьць пасьля таго як выпіла гарбаты на борце самалёту, які ляцеў у Бэслан, дзе баевікі захапілі школу. Потым яна заявіла, што, на яе думку, агенты ФСБ, якія былі ў салёне самалёту, атруцілі гарбату.

Паводле «Grani.ru»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?