У Сеціве працягваюць абмяркоўваць Лукашэнкава інтэрвію газэце "Вэльт". Бэсьцяць суразмоўцу, немца Рара: маўляў, пазьбягаў вострых пытаньняў і ўсё такое.
Я ж згадаў, як, мусіць, першы і апошні раз афіцыйны кіраўнік рызыкнуў запрасіць у сваю рэзыдэнцыю групу прадстаўнікоў айчыннай незалежнай прэсы. Трапіў туды і аўтар гэтых радкоў.
Гэта было перад чарговымі выбарамі. Улада вырашыла бліснуць адкрытасьцю.
8 жніўня 2001 году. Загадана прыйсьці ў рэзыдэнцыю на Карла Маркса гадзіны за дзьве да пачатку. Прасторнае фае нагадала залу чаканьня аэрапорту. Правяраюць гэтак сама. Давялося прайсьці праз мэталяшукальнік і нават дастаць акумулятары з дыктафона. "Добра, бачу, што не патроны", — вярнуў "пальчыкі" службовец. Я зразумеў: гэта такі гумар.
А вось на самой прэсавай канфэрэнцыі быў разгул лібэралізму. "Задавайце любыя пытаньні — пра жонку, каханак, пра ролікі", — зрабіў шырокі жэст гаспадар.
Пра што, магчыма, потым пашкадаваў.
Напачатку ўсё ішло гладка. Пэўна ж мелася нейкая рэжысура. Вакол велізарнага круглага стала (таго самага, што часта паказваюць у афіцыйных тэлерэпартажах) сядзелі ўперэмешку "чэсныя" і "нячэсныя". Прадстаўніца дзяржаўнай тэлевізіі, першай атрымаўшы слова, згадала пра сёмую цягам году сустрэчу беларускага і расейскага прэзыдэнтаў, што незадоўга да таго адбылася ў Сочы.
Пытаньне выглядала, кажучы хакейнай мовай, як пас на сподачку. Перад выбарамі надта дарэчы было давесьці электарату, што Крэмль падтрымлівае дзейнага кіраўніка.
Лукашэнка падкрэсьліў: "Акрамя рашэньня дзяржаўных спраў, мы з Уладзімерам Уладзімеравічам проста маем добрыя стасункі, і вельмі даўно, яшчэ зь Піцеру, калі ён працаваў з Анатолем Сабчаком. У свой час я прыязджаў на запрашэньне Анатоля Аляксандравіча ў Піцер, і Ўладзімер Уладзімеравіч сустракаў і суправаджаў там". (То бок — быў на пабягушках. Тонка пададзена!)
Самай жа пікантнай на сёньняшні дзень выглядае заява Лукашэнкі пра тое, што ў Сочы ён з Пуціным вырашаў пытаньні энэргетычнае бясьпекі. Маўляў, калі раскруцім сумесныя праекты, дык пашэнціць забясьпечыць "бязьбеднае існаваньне" нават "дзецям і ўнукам":)
Добрыя былі пляны. Толькі вось зараз урадоўцы зь Мясьніковічам мусяць ліхаманкава перапісваць канцэпцыю той самай энэргетычнае бясьпекі...
Зрэшты, ня будзем аб сумным.
Вось на той прэсавай канфэрэнцыі ніхто не засумаваў:) Калі прэзыдэнцкае атачэньне і мела які які сцэнар, дык ад яго каменя на камені не пакінулі дзьве пасыянарныя прадстаўніцы незалежнай журналістыкі — Ірына Халіп ды Марына Коктыш.
На гэтым тле тыя два пытаньні, што мне пашэнціла ўклінаваць, — чаму не запрашаюць назіральнікаў АБСЭ і чаму так абмежаваны доступ апанэнтаў да мэдыяў? — падаваліся, лічы, бяскрыўднымі. Заўважце: і тады Лукашэнка даводзіў, што неўзабаве наладзіць стасункі з Захадам.
Так што Рар нічога новага не пачуў.
Вось тут вы знойдзеце пару матэрыялаў з тае сустрэчы. Нават ад прычасанай стэнаграмы "СБ" патыхае лютасьцю палемічнага бою. Ня кажучы ўжо пра публікацыю самой Халіп.
А вось тут — таксама даволі смачны кавалак з "БелГазеты".
Цяпер гэта здаецца фантасмагорыяй: няўжо на Карла Маркса, 38 маглі гучаць такія, мякка кажучы, нязручныя для гаспадара пытаньні? Пра карупцыю ў высокіх структурах, мэдычную экспэртызу і нават пра зьніклых.
Карацей, болей нас туды ня клікалі.
Можа, Аляксандар Рар проста ўлічыў гэты досьвед? :)