Прадстаўнікі грамадскага аргкамітэта па ушанаванні памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій звярнуліся да прэзідэнта Украіны Віктара Юшчанкі з просьбай даць адпаведныя даручэнні кампетэнтным службам па праверцы версіі аб забойствах украінскіх грамадзян пад Гомелем у даваенныя гады.

У звароце зазначаецца, што сёлета пад Гомелем знойдзены і раскапаны незарэгістраваныя магільнікі. "Паводле сведчанняў мясцовых жыхароў, там пахаваны ахвяры сталінскіх рэпрэсій. Ёсць інфармацыя, што ў гэтых мясцінах энкавэдзісты расстрэльвалі не толькі беларускіх грамадзян, але і жыхароў Чарнігаўскай вобласці УССР, прывезеных па чыгунцы ў мястэчка Новая Беліца, якое зараз уваходзіць у межы Гомеля. На жаль, беларускія ўлады не даюць беларускай грамадскасці аніякай інфармацыі пра тое, што рабілася ў навабеліцкіх лясах у гады Вялікага тэрору", - гаворыцца ў звароце.

Сярод яго падпісантаў сустаршыня аргкамітэта пісьменнік Васіль Якавенка, сакратар аргкамітэта Уладзімір Раманоўскі, гісторык Анатоль Валахановіч, мастак Мікола Купава, старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч і грамадскі дзеяч Вячаслаў Сіўчык.

Марат Гаравы, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0