Гарадзенскі блог прапануе ўрывак з артыкулу, надрукаванага ў 1966 г. у «Советской Белоруссии». Прысьвечаны ён праекту пабудовы новага будынку абласнога драматычнага тэатру.

***

«Пра тое, што вырашана пабудаваць у часе бягучай пяцігодкі новы будынак абласнога драматычнага тэатру, многія гарадзенцы ведаюць. І, верагодна, не аднойчы, у часе прагулак па горадзе, яны «выбіралі» для яго месца. Але ня менш за нас былі заклапочаныя і архітэктары. Пасьля доўгіх роздумаў, пошукаў, абмеркаваньняў яны выбралі вось гэты праект тэатру і месца для яго.

Новы будынак упрыгожыць цэнтар горада — вуліцу Ажэшка. Ён разьмесьціцца насупраць парку над Гараднічанкай. Больш дакладны арыенцір? Помнік Элізе Ажэшка. Ён застанецца наперадзе.

Вядома ж, давядзецца выканаць вялікую працу — «схаваць» Гараднічанку, насыпаць грунт і г.д. Але, як кажуць, гульня вартая сьвечак. І ў дадзеным выпадку — амаль не ў пераносным значэньні слова».

***

Так газэта пісала ў далёкія 60‑я гады мінулага стагодзьдзя. Ані ў падыходах да гістарычнай спадчыны з боку ўладаў, ні ў садзейнічаньні ім дзяржаўнай прэсы амаль нічога не зьмянілася. Варта толькі пагартаць старонкі сучасных афіцыйных выданьняў.

А драматычны тэатар у Горадні такі ж пабудавалі ў іншым месцы ў 1977‑84 гг. Папярэдне зруйнаваўшы колішні кляштар Бэрнардынак. Аднак гэта, магчыма, толькі адклала пытаньне існаваньня Гараднічанкі. Гарадзкія ўлады разглядаюць варыянт стварэньня вуліцы‑дублёра, якая мусіць адвесьці з цэнтру транспартныя плыні. Дзеля чаго раку могуць проста засыпаць.

Сямён Печанко


Фота газэты з сайту blog.grodno.net
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0