Кіроўца аўтобуса з беларусамі, які трапіў у ДТЗ у Чэхіі, рухаўся ў аб'езд асноўнай трасы. Пра гэта ў эфіры тэлеканала АНТ заявіла Наталля Алымава, прадстаўнік ТАА «Сільвертур», якое прадаставіла транспарт для перавозкі турыстаў.
«Дрэнныя ўмовы надвор'я. Аўтобус рухаўся з мінімальнай хуткасцю. Траса была заблакаваная ў сувязі з паломкамі на ёй, адпаведна, аўтобус паехаў у аб'езд, — сказала Наталля Алымава. — Галалёд, не пасыпана, дарога не чышчаная… З бацькамі трымае сувязь непасрэдна фірма-заказчык, мы прадстаўляем толькі транспартныя паслугі. Наш аўтобус ужо на месцы, прыехаў забраць дзяцей, тых, хто не пацярпеў. Пацярпелых будзем забіраць дадаткова».
Прадстаўнік кампаніі «Сільвертур» таксама патлумачыла, што пасажыры і транспарт застрахаваныя.