14‑16 ліпеня Брацтва св. кн. Даўмонта Літоўскага, Пскоўскага (Ліда), Сястрынства св. Еўфрасінні Полацкай (Ліда), Цэнтральна‑Еўрапейскі рэгіён Сусветнага Брацтва праваслаўнай моладзі «Сіндэсмас», прадстаўніцтва Вестника РХД у Беларусі, — праводзілі летнік праваслаўнай моладзі і кансультацыю на тэму «Праваслаўная Царква і нацыянальная мова ў сучаснай Беларусі».

Галоўнымі дакладчыкамі выступілі: іярэй Віталіюс Карыкавас (Вільня) — святар, які перакладае і праводзіць богаслужэнні на літоўскай мове ў храме св. Параскевы Пятніцы ў Вільні, ён апавядаў пра сітуацыю з літоўскай мовай што тычыцца перакладаў Св. Пісання, богаслужбовых і багаслоўскіх тэкстаў у праваслаўнай Царкве ў Літве; Алесь Спіцын (volny-licwin) — выдатны паэт, катэхізатар, які расказаў пра пераклад Бібліі ў кантэксце духоўных рухаў XVI ст.; прот. Сергій Гардун — вядомы беларускі праваслаўны дзеяч, які, у якасці ўдзельніка біблейнай камісіі Беларускага Экзархату, а таксама самастойна пераклаў мноства літургічных тэкстаў і тэкстаў Святога Пісання на беларускую мову.

Цяжэй за ўсё давялося айцу Сергію, бо менавіта ён для праваслаўнай моладзі ўвасабляе тую «палітыку перакладу», якую праводзіць Біблейная камісія і якая цяжка прымаецца той моладдзю ў Царкве, якая размаўляе па‑беларуску і хоча маліцца па‑беларуску. А. Сергій мужна адстойваў пазіцыю Біблейнай камісіі, многія ягоныя аргументы былі вельмі грунтоўнымі, што, дапусцім, ужывання словаў з коранем «блага» ў станоўчым сэнсе: «благаславенне», «благадаць» і г.д.

Сам а.Сергій гаворыць на такой мілагучнай мове, што слухаў бы яго і слухаў, прычым, што ціхенька адзначылі ўсе ўдзельнікі семінара, на аднаго «свяшчэнніка», ён гаворыць двух «святароў», а «спасенне» ўжывае толькі пры чытанні тэкста.

16 ліпеня, на дзень памяці мітр. Філіпа Маскоўскага, у Свята‑пакроўскай Царкве вёскі Збляны была адслужаная першая ў Наваградскай епархіі літургія на беларускай мове, якую ўзначаліў прот. Сергій Гардун. Спявалі, хоць і ня дужа ўдала, але з усіх сілаў, усе ўдзельнікі сустрэчы.

Наогул, недзе чвэрць усёй працоўнай часткі летніка пайшла на малітвы — дзякуй а.Сергію, які ўзяўся за выхаванне нашай пабожнасці :‑)

А я заўжды цешуся, бываючы ў ваколіцах Ліды і сустракаючыся з лідскім айцамі, братамі і сёстрамі. Не дарма прот. Аляксій Глінскі атрымаў за сваю дзейнасць прэмію сёлета.

Калі мы ехалі назад цягніком вялікай групай, а.Сергій у падрасніку з крыжом, і размаўлялі, то, нарэшце, адзін з пасажыраў не вытрываў і далучыўся да нас. Першае пытанне ягонае было да а.Сергія: «А Вы наогул ці праваслаўны святар, калі па‑беларуску размаўляеце», пасля чаго пайшлі адразу прэтэнзіі: «Чаму Вы падтрымліваеце Лукашэнку?».

І вось чаму галоўным чынам гэтае пытанне адрамуюць беларускамоўным ці дэмакратычна‑арыентаваным святарам? Напэўна, каб стварыць крызіс ідэнтычнасці: «Вы — праваслаўны, значыць, Вы — падтрымліваеце рэжым; калі Вы не падтрымліваеце рэжым, як Вы можаце заставацца праваслаўным?» Гэты крызіс ідэнтычнасці навязваецца нам і дзяржаўнай ідэалогіяй: «не падтрымліваеш нас — дрэнны з цябе праваслаўны», і апазіцыяй: «калі ты праваслаўны, значыць падтрымліваеш рэжым і мусіш адказваць». І мы, пачынаючы апраўдвацца за сваю праваслаўнасць альбо за сваю беларускасць, урэшце, набываем гэты самы ўнутраны крызіс ідэнтычнасці.

Natalka Bazylewicz, burbalka.livejournal.com

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0