Як зрэшты, і студэнтамі. Такое ўражаньне, што іх вывезьлі на выходныя ледзь не за 101-ты кілямэтар. Перадае з гораду па-над Нёманам карэспандэнт nn.by Сямён Печанко

Паводле зьвестак назіральнікаў, большасьць студэнтаў Горадні прагаласавалі датэрмінова і пазьяжджалі з гораду.

Так, на участках аграрнага унівэрсытэту яўка на датэрміновым галасаваньні склала больш за 60%. Цяпер на гэтых участках бязьлюдна.

Зьяўленьне кожнага студэнта перад участковай камісіяй выклікае ў яе чальцоў нечуваны энтузіязм і эйфарыю, нібы Джордж Буш у асысьце Барака Абамы і Джона Маккейна, і трыма іх жонкамі, прызямліліся ў Горадні.

Традыцыйных у выходныя студэнтаў з пляшкай піва на вуліцах гораду таксама, дзіва дзяўнае, няма. Студэнты ёсьць толькі ў якасьці аховы ўчасткаў ды афіцыянтаў буфетаў.

Кандыдат ад Партыі БНФ Сяргей Антусевіч, што балатуецца па Гарадзенскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе №50, адной з гарадзенскіх акруг, кажа,

што сёлетняя кампанія самая спакойная, пачынаючы з 2001 г.
Стаўленьне чальцоў выбарчых камісій вельмі прыязнае, назіральнікам перашкодаў ня чыняць.

Каб мець больш уплыву на выбарцаў, Сяргей Антусевіч зрабіў улёткі на двух мовах: прадвыбарчы тэкст па-руску, а біяграфічныя зьвесткі па-беларуску.

Актыўная кампанія дала плён,

на ўчастку, куды прыйшоў галасаваць сам Сяргей Антусевіч, яго пазнала ледзь ня большасьць выбарцаў: падыходзілі як звычайныя рабацягі, так і матулі зь дзецьмі. Віталіся, казалі словы падтрымкі, казалі, што чыталі праграму і падкрэсьлілі, што будуць абавязкова за яго галасаваць.

Ва ўлётках былі пазначаныя тэлефоны, і спадар Антусевіч кажа, што за папярэднія дні і сёньня было вельмі многа званкоў.

Прычым людзі тэлефануюць да яго, нібы ўжо да дэпутата і просяць пасадзейнічаць у вырашэньні розных праблем:
ад асабістага да камунальнага характару.

Адзін дзядок патэлефанаваў сёньня а 7-й раніцы і спытаў «Як падпісацца на "Нашу Ніву"?». Разгадка, відаць у тым, што на офісе Партыі заўсёды можна знайсьці сьвежую прэсу.

Сяргею Антусевічу супрацьстаіць кандыдат ад ЛДП, таксама супрцоўнік заводу «Азот», на год за яго старэйшы Аляксандар Мікалута , а таксама былы рэктар, сёньняшні дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Маскевіч.

Сяргею Антусевічу і яго паплечнікам удалося накрыць назіральнікамі 100 % участкаў, апроч пяці закрытых. Зараз кандыдат у дэпутаты матаецца ад участку да ўчастку.

Кандыдату ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраславу Раманчуку – 90 %. Раманчук балатуецца па Гарадзенскай-Паўночнай акрузе №51. Яму супрацьстаіць галоўны ўрач Гарадзенскай цэнтральнай гарадзкой паліклінікі Марына Рэмша.

У найгоршае становішча трапіў яшчэ адзін кандыдат ад Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў, які ідзе па Гарадзенскай-Занёманскай акрузе, яму супрацьстаіць ня толькі начальнік гораду – Аляксандар Антоненка, але і былы палітвязень, прадпрымальнік Аляксандар Васільеў ды выкладчык Сяргей Кузьмянок. На гэтым участку дэмакратычныя кандыдаты так і ня здолелі між сабой дамовіцца, каб нехта зьняў кандыдатуру.

Байкотам у горадзе і ня пахне.

Наш карэспандэнт, прашарасьціўшы з раніцы большую частку любімага гораду Стэфана Баторыя, пабачыў толькі адну ўлётку, дый то недзе ў чорта на рагах. Як сьмяюцца мясцовыя жыхары, прыстойныя людзі, у гэту частку гораду не заходзяць ужо некалькі гадоў.

Дый ідэя байкоту сярод людзей неактуальная, зазначае Сяргей Антусевіч. Людзей цікавяць надзённыя праблемы, якія ў стане вырашыць кандыдат.

І Антусевіч , і Яраслаў Раманчук пагаджаюцца, што ідэя байкоту адыграла нядобрую ролю, адцягнуўшы частку актывістаў.

Раманчук таксама пазытыўна ацэньвае перадвыбарчую кампанію, праведзеныя пікеты, хоць і кажа, што пра яго распускалі чуткі, што ён нібыта хоча адарваць Гарадзенскую вобласьць і далучыць яе да Польшчы.

Вадзіму Саранчукову ніякіх зьвестак не даюць: ні па сёньняшніх падзеях, ні па датэрміновым галасаваньні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0